Расейскія зьнішчальнікі «СУ-27» зьявяцца ў Бабруйску ўжо ў 2015 годзе

Сяргей Шайгу

На авіябазе ў Бабруйску расейскія самалёты зьявяцца не ў 2016 годзе, а ўжо ў наступным. Гэта вынікае з заяваў у Менску міністра абароны Расеі генэрала арміі Сяргея Шайгу.

«На наступны год у нас на аэрадроме ў Бабруйску стануць на баявое дзяжурства 12 баявых самалётаў „СУ-27“, 2 вучэбныя самалёты „Су-27“ і зьвяно верталётаў з чатырох адзінак — гэта авіяцыя падтрымкі», — сказаў Сяргей Шайгу пасьля ўдзелу ў сумеснай калегіі абаронных ведамстваў Беларусі і Расеі. Неабходнасьць зьяўленьня расейскіх самалётаў у Бабруйску Сяргей Шайгу патлумачыў патрэбай «супрацьстаяць новаму спэктру выклікаў і пагроз».

Раней годам зьяўленьня яшчэ адной расейскай авіябазы — у Бабруйску — называлі 2016 год.

Таксама Сяргей Шайгу паведаміў у Менску, што ўжо ў 2014 годзе Расея завершыць пастаўку ў Беларусь 4 ракетных комплексаў «С-300». Расейскі міністар абароны паабяцаў, што гэтыя ракеты будуць перададзеныя Беларусі бясплатна.

Сярод пагрозаў і выклікаў міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу назваў тэрарызм і экстрэмізм, а таксама сказаў, што заклапочанасьць выклікаюць «каляровыя рэвалюцыі». Паводле Шайгу, Захад імкнецца сфармаваць ва Ўкраіне перадавы рубеж «ціску на Саюзную дзяржаву».