Выбух адбыўся ў 18 гадзін 23 хвіліны па мясцовым часе. Пуск ракеты трансьляваўся ў жывым эфіры на сайце Нацыянальнага агенцтва па аэранаўтыцы і дасьледаваньню касьмічнай прасторы. Ракета пасьпела толькі трохі падняцца ў паветра, праз шэсьць сэкунд палёту яна загарэлася і ахопленая полымем павалілася на зямлю. Пасьля гэтага адбыўся магутны выбух.
Паводле папярэдніх зьвестак, абышлося без чалавечых ахвяраў, але ў выніку пажару пацярпелі аб’екты пускавога комплексу. Камэрцыйны касьмічны грузавік павінен быў даставіць больш за дзьве тысячы кіляграмаў грузу, у тым ліку правіянт для касманаўтаў, на Міжнародную касьмічную станцыю. Яго стыкоўка з МКС была заплянаваная на 2 лістапада. Ракета Antares была створаная прыватнай амэрыканскай фірмай Orbital Sciencе, якая працуе па кантракце з НАСА.
Оrbital Science — адна з двух невялікіх прыватных кампаній, якія распрацоўваюць новае пакаленьне амэрыканскіх грузавых і пілятуемых касьмічных караблёў.