Беларусь у Індэксе чалавечага разьвіцьця ААН: тры прыступкі ўніз

Беларусь па індэксе чалавечага разьвіцьця займае 53-е месца сярод 187 краін. Такія дадзеныя былі прадстаўленыя сёньня ў Менску, дзе прадстаўніцтва Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў у Беларусі прэзэнтавала даклад «Аб чалавечым разьвіцьці-2014 у Рэспубліцы Беларусь». Параўнальна з 2013 годам Беларусь у гэтым рэйтынгу апусьцілася на тры прыступкі.

Крытэры для складаньня інтэгральнага рэйтынгу — гэта ровень жыцьця і сацыяльнай абароненасьці жыхароў розных краін, паказьнікі здароўя, адукацыі і культурнага разьвіцьця насельніцтва, стану злачыннасьці, аховы навакольнага асяродзьдзя, удзелу людзей у прыняцьці рашэньняў. Час ад часу сыстэма аналізу і апрацоўкі статыстычных дадзеных зьмяняецца. Аднак галоўнымі для вызначэньня канкрэтнага месца той ці іншай краіны па-ранейшаму застаюцца тры пазыцыі: адукацыя, здароўе і прыбыткі.

На гэтых паказьніках і канцэнтраваўся намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Валянцін Рыбакоў. Ён лічыць, што цяперашняе падзеньне на тры месцы ня варта драматызаваць:

«Адной з прычынаў гэтага зьніжэньня стаў індыкатар працягласьці жыцьця. Паводле яго мы ў СНД займаем трэцяе месца. Паводле роўню ВУП на душу насельніцтва мы ў СНД таксама на трэцім месцы. А паводле роўню адукацыі Беларусь займае лідзіруючыя пазыцыі ў СНД.

Зразумела, што мы статыстыку ў першую чаргу разглядаем у параўнаньні з суседзямі па рэгіёне, з суседзямі па СНД, і найперш з краінамі Мытнага саюзу».

Эканаміст Міхась Залескі кажа: трэба пакінуць заганнае параўнаньне з кранамі СНД:

Міхась Залескі

«Гэты індэкс разьлічваецца для ўсіх краінаў. Нельга забываць, што паўтара мільярда чалавек на зямлі жывуць яшчэ без электрычнасьці. І таму мы сьмела апынаемся ў верхняй частцы табліцы. Але ж трэба глядзець не на тых, хто жыве горай за нас, а на тых, хто жыве лепей за нас. Вось ад іх мы адстаём усё болей».

Дык хто ж мае найлепшыя паказьнікі ва ўсім сьвеце? Першая пяцёрка, паводле экспэртаў ААН, выглядае так: Нарвэгія, Аўстралія, Швайцарыя, Нідэрлянды, ЗША. Бліжэйшыя суседзі, то бок краіны, зь якімі Беларусь мае агульную дзяржаўную мяжу, займаюць у рэйтынгу наступныя месцы: Літва — 35, Польшча — 36, Латвія — 48, Расея — 57, Украіна — 83. Прычым Літва, Латвія і Польшча ўвайшлі ў лік краінаў са звышвысокім узроўнем разьвіцьця. А з былых рэспублік Савецкага Саюзу найбольшага дамаглася Эстонія, якая стаіць на 33-м месцы ва ўсясьветным рэйтынгу.

Леанід Заіка

Кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка кажа: быў час, калі ён як экспэрт удзельнічаў у падрыхтоўцы дакладу ААН па Беларусі, і таму добра ведае, як складаецца гэты рэйтынг:

«Наша рэальнае месца — дзесьці з 50-га па 60-е. Нас стрымлівае ў асноўным нізкі ВУП на душу насельніцтва. Ён, дарэчы, даецца ў вельмі зручным для нас выглядзе, празь пералік у пакупніцкія магчымасьці, што робіць яго ў нашай краіне вышэйшым, чым мы маем рэальна ў далярах гатоўкаю. Але ёсьць дзяржавы, дзе на душу насельніцтва прыпадае і 50, і 60 тысяч даляраў. А ў нас — значна меней».

Штогадовыя глябальныя даклады аб чалавечым разьвіцьці публікуюцца ПРААН з 1990 году як незалежны аналіз тэндэнцыяў, прагрэсу і палітыкі ў галіне разьвіцьця.