Макей сустрэўся з Шварцэнбэргам

Уладзімер Макей

8 кастрычніка ў Менску міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей сустрэўся са старшынём камітэту па замежных справах Палаты дэпутатаў парлямэнту Чэскай Рэспублікі Карэлам Шварцэнбэргам.

У сустрэчы таксама ўзяў удзел амбасадар Чэхіі ў Беларусі Мілан Экерт.

«У цэнтры ўвагі знаходзіліся пытаньні далейшага разьвіцьця беларуска-чэскіх адносін. Бакі разгледзелі магчымыя шляхі актывізацыі двухбаковага супрацоўніцтва, уключаючы разьвіцьцё міжпарлямэнцкага дыялёгу, абмеркавалі адносіны паміж Беларусьсю і Эўразьвязам. Адбыўся таксама абмен думкамі па шэрагу пытаньняў рэгіянальнага і міжнароднага парадку дня», — паведамляфе прэс-служба беларускага МЗС.

Карэл Шварцэнбэрг бярэ ўдзел у Тыдні супраць сьмяротнага пакараньня, які праходзіць у Менску ў межах кампаніі «Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня».

Раней Шварцэнбэрг прыяжджаў у Менск у красавіку 2009 году, калі быў міністрам замежных спраў Чэхіі. Мэтай таго візыту было абмеркаваць праект «Усходняе партнэрства».