Чвэрць беларусаў будуць ваяваць у выпадку расейскай агрэсіі

Калі б Расея ўзброеным шляхам паспрабавала далучыць да сябе ўсю тэрыторыю Беларусі або яе частку, то амаль 26 працэнтаў беларусаў супраціўляліся б са зброяй у руках. Але паратунку ва ўступленьні Беларусі ў НАТО беларусы ня бачаць.

Пра гэта сьведчаць вынікі сацыялягічнага дасьледаваньня грамадзкай думкі, праведзенага ў верасьні 2014 году незалежнымі сацыёлагамі з НІСЭПД. Былі апытаньня 1506 рэспандэнтаў.

Адказваючы на аналягічнае пытаньне ў чэрвені, толькі 14 працэнтаў беларусаў адказалі, што супраціўляліся б са зброяй у руках, у той час як 47 працэнтаў імкнуліся б прыстасавацца да новай сытуацыі, а 16 працэнтаў віталі б падобныя зьмены.

У верасьні зьменшылася колькасьць тых, хто лічыць, што ён прыстасоўваўся б да новай сытуацыі (40 працэнтаў), і колькасьць тых, хто вітаў бы такія зьмены (13 працэнтаў). Колькасьць тых, хто вырашыў бы змагацца са зброяй у руках, вырасла ўдвая.

Адказваючы на пытаньне «Калі б краіны НАТО паспрабавалі ўзброеным шляхам зьмяніць палітыку Беларусі, як бы Вы дзейнічалі?», 26 працэнтаў рэспандэнтаў сказала, што змагаліся б са зброяй у руках, 40 працэнтаў імкнуліся б прыстасавацца да новай сытуацыі, у той жа час каля 10 працэнтаў віталі б такія зьмены.

Як выявіла апытаньне, беларусы ў большасьці супраць далучэньня Беларусі да НАТО і супраць разьмяшчэньня на тэрыторыі краіны расейскіх авіябазаў. Адказваючы на пытаньне «Ці трэба Беларусі імкнуцца ўступіць у НАТО?», 71 працэнт адказаў «не», што на 10 працэнтаў больш у параўнаньні з адказамі ў чэрвені гэтага году. Адказваючы на пытаньне пра разьмяшчэньне на тэрыторыі Беларусі расейскіх авіябазаў, больш за 45 працэнтаў выказалі адмоўнае стаўленьне да гэтага.