«ДНР» хоча стаць афшорнай зонай

Сьцяг «ДНР» каля помніка Леніну ў Данецку

Прадстаўнік самаабвешчанай «ДНР» Андрэй Пургін заявіў, што падкантрольныя сэпаратыстам тэрыторыі маглі б сфармаваць эканамічную асацыяцыю з Украінай.

Пра гэта паведамляе «Громадське тэлебачення» са спасылкай на агенцтва Інтэрфакс.

«Мы хацелі б захаваць эканамічную і сацыякультурную прастору з Украінай. Магчыма, гэта будзе форма пэўнага кшталту эканамічнай асацыяцыі і нават, магчыма, прадастаўленьне Данбасу статусу афшорнай зоны. Усё будзе залежаць ад далейшых дамоўленасьцяў», — цытуе Інтэрфакс словы Пургіна, які лічыцца віцэ-прэм’ерам «ДНР».

Пургін падкрэсьліў, што ня бачыць сэнсу ва ўзьвядзеньні дадатковых ахоўных збудаваньняў на мяжы тэрыторый, якія кантралююцца прыхільнікамі «ДНР» і ўкраінскімі вайскоўцамі.

«Мы ня бачым сэнсу ва ўзьвядзеньні дадатковых збудаваньняў — сьценаў ды іншага. У сучасным сьвеце гэта вялікае глупства. Сувэрэнітэт дзяржавы вызначаецца не ізаляванасьцю і межамі, а адпаведнай палітычнай воляй. Крыніцай такога сувэрэнітэту служаць самі жыхары. Да таго ж, у многіх засталіся ва Ўкраіне сваякі, і мы не хацелі б ствараць людзям перашкод для свабоднага перамяшчэньня і зносінаў з блізкімі», — дадаў Пургін.