Улады КНР заявілі аб недапушчальнасьці «незаконных» пратэстаў у Ганконгу

Улады КНР заявілі аб недапушчальнасьці «незаконных» пратэстаў у Ганконгу У сераду тысячы людзей у Ганконгу зноў выйшлі на вуліцы з пратэстамі.

Пратэстоўцы незадаволеныя тым, што ўлады Кітая хочуць адбіраць кандыдатаў на пасаду кіраўніка адміністрацыі Ганконга на выбарах 2017 года.

Міністар замежных спраў Кітая Ван І стаў першым кітайскім чыноўнікам высокага ўзроўню, які выказаўся пра пратэсты ў Ганконгу.

«Справы Ганконга зьяўляюцца ўнутранымі справамі Кітая. Усе краіны павінны паважаць сувэрэнітэт Кітая. У любой краіне, у любым грамадзтве будуць недапушчальныя незаконныя дзеяньні, якія парушаюць грамадзкі парадак», — сказаў міністар падчас візыту ў ЗША.

«Мы ўпэўненыя, што ўрад адмысловага адміністрацыйнага раёна Ганконг здольны справіцца з цяперашняй сытуацыяй у адпаведнасьці з законам», — дадаў ён.

Дзяржсакратар ЗША Джон Кэры ў сваю чаргу заклікаў улады Ганконга праяўляць стрыманасьць і павагу да права грамадзян на мірны пратэст.

Тысячы людзей у Ганконгу зноў выйшлі на вуліцы з пратэстамі ў дзяржаўнае сьвята — Дзень ўтварэньня КНР, які адзначаўся 1 кастрычніка.

Карэспандэнты паведамляюць, што дэманстрацыі, якія раней праходзілі толькі ў цэнтры горада, распаўсюджваюцца на новыя раёны.

У прамове ў гонар нацыянальнага сьвята кіраўнік адміністрацыі Ганконга — Лян Чжэньін, заклікаў пратэстуючых падтрымаць рэформы, заплянаваныя ў Пэкіне. Чыноўнік сказаў, што Ганконг павінен супрацоўнічаць з Пэкінам, каб дасягнуць прагрэсу.

Дэманстранты патрабуюць адстаўкі Ляна, аднак ён заявіў, што не зьбіраецца ісьці з пасады.

Лідэр студэнцкіх актывістаў Лестэр Шум заявіў, што дэманстранты пачнуць займаць ўрадавыя будынкі, калі Лян не пакіне свой пост да чацьвярга, паведамляе ВВС.