Беларусы Маямі прамянялі пляж на лук і стрэлы

Сябры Паўднёва-Фларыдзкага гуртка Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня (БАЗА) адзначылі юбілейныя 500-ыя ўгодкі Аршанскай бітвы на стрэльбішчы.

У мінулую нядзелю ўпершыню над Фларыдай прагучала сярэднявечная малітва «Багародзіца». А пасьля прэзэнтацыі пра перамогу Польска-Літоўскага войска пад Воршай, удзельнікі развучылі і старадаўні танец «Маразуля».

Паўднёва-Фларыдзкая БАЗА ўжо тры гады актыўна гуртуе беларусаў, а таксама запрашае амэрыканцаў даведацца болей пра Беларусь.

Сяргей Волкаў, старшыня Паўднёва-Флярыдзкага гуртка БАЗА: «На жаль, нэгатыў пра Беларусь распаўсюджваецца хутчэй. Амэрыканскае грамадзтва больш ведае пра ўладу, чымсьці пра беларускі народ. Мы абражаемся, калі за мяжой нас блытаюць з расейцамі ці ўкраінцамі. Але, з-за рэжыму, мы і самі сябе не да канца ведаем. Замоўчваньне гістарычных фактаў, нашых перамог і дасягненьняў, замінае фармаваньню беларускай самасьвядомасьці. А нам ёсьць чым ганарыцца: маем сваю старажытную мову, багатую на перамогі гісторыю, і глыбокую культуру».

Паліна Прысмакова, сакратар Паўднёва-Фларыдзкага гуртку БАЗА: «БАЗА ў Маямі займаецца тым, чаго не зрабіла сыстэма на Бацькаўшчыне -- даводзіць да людзей, адкуль яны ёсьць. І зацікаўленасьць ў гэтым вялікая. Чым адметнае сяброўства БАЗА ў Маямі, дык гэта тым, што, нягледзячы на шалёны тэмп амэрыканскага жыцьця, мясцовых беларусаў ня трэба цягнуць на мерапрыемствы - яны знойдуць час! Бальшыня акцыяў БАЗА маюць спантанны характар флэшмоба. Але аднаго тэлефоннага званка дастаткова, каб людзі прыйшлі. Беларусы ў Фларыдзе галодныя на нацыянальныя мерапрыемствы: калі дранікі можна зрабіць самастойна дома, дык для паўнавартаснага духоўнага жыцця патрэбная суполка аднадумцаў. Паўднёва-Фларыдзкая БАЗА у значнай колькасці складаецца з эканамічнай эміграцыі, людзей папярэдне палітычна пасіўных. Гэтыя людзі прыходзяць ў гурток БАЗА, калі, пабыўшы колькі год у ЗША, адчуваюць патрэбнасць самаідэнтыфікацыі -- адсюль і смага да беларускасці. А ўжо на мерапрыемствах БАЗА ўдзельнікі даведваюцца па дэталі Беларускай гісторыі і культуры, пра якія яны нават не здагадваліся, калі жылі ў Беларусі».

Паліна Прысмакова распавядае пра бітву пад Воршай.

Флярыдскія беларусы на стрэльбішчы.

Танец «Маразуля».