Лукашэнка: «Можа, трэба ў школе на карысьць беларускай мовы даць адну гадзіну, а не ангельскай?»

Архіўнае фота

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка выказаўся за павелічэньне колькасьці гадзін беларускай мовы ў школьнай праграме.

Падчас сустрэчы зь сябрамі савету Палаты прадстаўнікоў Лукашэнка адзначыў, што цяпер вывучаецца сытуацыя і ў сфэры сярэдняй адукацыі, дзе таксама досыць шмат недахопаў. У якасьці прыкладу ён прывёў школьную праграму, у якой расейскай і нават ангельскай мове адводзіцца больш гадзін, чым беларускай мове.

«Добра, на расейскай мове мы практычна ўсе размаўляем. Але на беларускай мове, скажам адкрыта, у побыце, дома мы размаўляем менш. Дык, можа, трэба ў школе на карысьць беларускай мовы даць адну гадзіну, а не ангельскай?» — цытуе кіраўніка дзяржавы прэзыдэнцкая прэс-служба.

Незадаволены Лукашэнка і школьнай праграмай па літаратуры, у якую зь незразумелых прычын уключаюцца тыя ці іншыя творы:

«Няўжо мы ня можам тут навесьці парадак?! Нікуды ня вартая праца Міністэрства адукацыі! Занадта шмат ёсьць нараканьняў».