У Беларусі прадавалі карціны з рэзыдэнцыі Януковіча пад выглядам палотнаў Манэ і Ван Гога

Карціна Ван Гога, ілюстрацыйнае фота

Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь спыніў дзейнасьць групы, якая спрабавала пад выглядам працаў мастакоў Клёда Манэ, Вінсэнта Ван Гога, Эдварда Мунка, Канстанціна Юона і Васіля Кандзінскага прадаць карціны невядомых аўтараў.

«Затрыманыя сьцьвярджалі, што прапанаваныя імі на продаж творы мастацтва былі вывезеныя з рэзыдэнцыі экс-прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча. За 5 карцін названыя асобы хацелі атрымаць 2 мільёны эўра», — паведаміў агенцтву Інтэрфакс кіраўнік прэс-службы КДБ Артур Стрэх.

«Цяпер праводзяцца мастацтвазнаўчая і іншыя экспэртызы канфіскаваных карцін, у ходзе якіх будзе вызначаны рэальны кошт палотнаў, а таксама ўстаноўлена іх мастацкая, культурная і гістарычная каштоўнасьць. Спэцыялісты, паводле папярэдніх дадзеных, мяркуюць, што карціны маюць пэўную каштоўнасьць, аднак іх кошт значна ніжэйшы, чым той, што заяўлены падазраванымі», — адзначыў ён.

У выніку ператрусаў па месцы жыхарства затрыманых асобаў супрацоўнікі КДБ выявілі і канфіскавалі больш за 100 старадаўніх абразоў і карцін. Вялікая частка канфіскаваных твораў жывапісу і графікі напісаныя фарбамі і на палотнах пэрыяду ХVIII—XIX стагодзьдзяў.

У дачыненьні да падазраваных Камітэт дзяржаўнай бясьпекі ўзбудзіў крымінальную справу па прыкметах складу злачынства, прадугледжанага ч.2 арт.233 (незаконная прадпрымальніцкая дзейнасьць) КК Рэспублікі Беларусь.