ПАДЗЕІ ДНЯ
У Менску Галерэя сучаснага мастацтва «Ў» і Кнігарня «логвінаЎ» (пр-т Незалежнасьці, 37а) ладзяць прэзэнтацыю кнігі Адама Глёбуса «Апавяданьні розных гадоў» і адкрываюць выставу «Жывапіс словамі». Пачатак а 17:30.
У Менску ў крэатыўнай прасторы «ЦЭХ» (пр. Незалежнасьці 58/6) адбудзецца прэзэнтацыя беларускамоўнай вэрсіі рамана Віктара Марціновіча «Мова». Пачатак а 19-й гадзіне.
У Менску ў Вялікай залі Белдзяржфілярмоніі арт-пэрформансам «Музыка і жывапіс» адкрываецца IX Фэстываль Юрыя Башмета. Пачатак а 19-й гадзіне.
ГЭТЫ ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ
1529 – зацьверджаны першы Статут Вялікага Княства Літоўскага.
1772 – першы падзел Рэчы Паспалітай зацьверджаны Соймам.
1938 – падпісаная Мюнхенская дамова. Італія, Вялікабрытанія і Францыя пагадзіліся з анэксіяй Нямеччынай Судэцкай вобласьці Чэхаславаччыны.
1939 – зьнішчаны абраз Будслаўскай Маці Божай (адрэстаўраваны ў 1991).
1941 – масавы расстрэл нацыстамі цывільных жыхароў ва ўрочышчы Бабін Яр (цяпер у межах Кіеву).
У гэты дзень нарадзіліся:
1547 – Мігель Сэрвантэс, гішпанскі пісьменьнік.
«Лепш фарба на твары, чым пляма на сэрцы»
Сэрвантэс
1823 – беларускі і польскі паэт Уладзіслаў Сыракомля.
1891 – Аркадзь Смоліч, беларускі навуковец, палітычны і грамадзкі дзяяч.
«Каб Беларусь перастала быць краем, невядомым для саміх беларусаў».
Эпіграф да кнігі Аркадзя Смоліча «Геаграфія Беларусі»
1923 – Арсень Лабовіч, беларускі тэатразнавец, крытык.
1943 – заснавальнік польскага прафсаюзу «Салідарнасьць», а пазьней прэзыдэнт Польшчы, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру Лех Валэнса.
«Якім павінен быць рэвалюцыянэр будучыні? Яго наогул не павінна быць».
Лех Валэнса
1958 – беларускі пісьменьнік і мастак Адам Глобус.
«Над мікрараёнам лунаў
Напеў электронна-дрогкі;
Лавілі антэнныя рогі
Другі, беларускі канал;
Экранная калыханка
Плыла ў папяровым лесе;
Мігцеў пластылінавы месяц,
Працяты тэлемаланкай».
Адам Глобус. Калыханка