Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вечна малады


«Што за парнуха!» — абураліся ў верасьні 1897 году добрапрыстойныя буэнас-айрэсцы, пабачыўшы сьвежапаклееныя афішы тэатру «Алімпа».

Сумнеўная паперчына, якую можна было пабачыць ледзьве не на кожным рагу, запрашала на спэктакль «Крэольскі суд», а карцінка... Карцінка была харошая: мужчына на ёй абдымаў жанчыну, што ў 1897 годзе ўжо само па сабе цягнула на пятнаццаць сутак. А па тым, як жарсна і бессаромна ён гэта рабіў, рабілася ясна, што яго намеры ў дачыненьні да дамы ня самыя чыстыя. Ды публіку дабівала нават ня гэта, а тое, што самой даме гэткі падыход відавочна падабаўся. Карацей, скандало грандыёзо.

29 верасьня заля «Алімпа» была запоўненая, як на судовым працэсе. Спэктакль аказаўся нуднаваты, але тыя, хто не сышоў і даседзеў да сярэдзіны, былі ўзнагароджаныя як мае быць: дзея раптам перарасла ў танец, пачуцьцёвы і яркі, той, пра які ўсе ведалі, але пра які не прынята было гаварыць уголас. Танго крыёльё, доўгі разрэз на спадніцы, рэзкія рухі, зьвярыная грацыя, непрыхаваная сэксуальнасьць, ад якой цяжка было адвесьці вочы...

Пасьля спэктаклю танга ў Аргентыне танцавалі ўжо не саромеючыся. Танга выбухнула — і тынк пасыпаўся са столяў бальных заляў, танга кінула выклік, як Максім Танк рыфме, як панкі пенкам грамадзтва ў сямідзясятых. Танчылі грузчыкі ў порце, танчылі пажарныя, танчыла паліцыя... Танчылі мужчыны з мужчынамі, жанчыны з жанчынамі, мужчыны з жывёламі, жывёлы з жывёламі... І пры гэтым танга — заўжды для дваіх: адвечная песьня. У Эўропу танга трапіла кантрабандай, як непрыстойны, забаронены культурны прадукт — празь некалькі дзесяцігодзьдзяў Стары сьвет адплаціць Новаму «Улісам» і «Лалітай».

Танга — гімн інтэрнацыяналізму, вось якая музыка як найлепш пасавала б фэстывалям моладзі і студэнтаў, а то «маладзёж, маладзёж»... Вось танга так, сапраўды: не задушыш, не заб’еш, як асноўны інстынкт. Трошкі крэольскіх рытмаў, трошкі афрыканскага бубна, хабанэра ды флямэнка, ды жменька вальсу, ды жаданьне раскрыцца, прызнацца, забіцца галавой ад падлогу тут і цяпер... Косткі храбусьцяць, тры хвіліны, даўжэй ня трэба, працягласьць ня танцу — акту. Хто танцуе танга — вечна малады і вечна п’яны, той вечна закаханы камандор і, адпаведна — заўжды загадвае парадам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG