Актывіста Паўла Вінаградава вывезьлі з Акрэсьціна, каб яго не сустрэлі сябры

Павал Вінаградаў

26 верасьня выйшаў на волю лідэр «Зьмены» Павал Вінаградаў, якога асудзілі на 15 сутак напярэдадні Дня гораду. За дзьве гадзіны да часу выхаду з Акрэсьціна Вінаградава даставілі ў Маскоўскі РУУС. «Трымалі там, пакуль не прыйшла каманда, што ад Акрэсьціна ўсе, хто прыйшоў мяне сустракаць, разышліся і можна адпускаць», — паведаміў Павал Вінаградаў.

Сёньня ж, а 20-й вечара, мае выйсьці з ізалятара і актывіст «Зьмены» Ягор Віняцкі. «Мяркую, зь ім будзе тое самае — вывезуць раней і будуць трымаць да ночы ў міліцыі», — кажа Павал Вінаградаў.

На ўмовы ўтрыманьня на Акрэсьціна Павал Вінаградаў ня скардзіўся. Упершыню за некалькі адседак Павал у ізалятары прымаў ежу. «Бо займаўся фізкультурай, а на галодны страўнік фізычныя практыкаваньні рабіць ня вельмі прыемна», — пажартаваў актывіст.

Былы палітвязень Павал Вінаградаў — рэкардсмэн што да адміністрацыйных арыштаў. За два гады ў яго ўжо набралася каля 200 сутак. Раней Паўла Вінаградава каралі ў асноўным за непадпарадкаваньне міліцыі ці за брыдкаслоўе. «Апошні раз далі нібыта за расьпіцьцё алькаголю. Такое ж пакараньне сталі ўжываць і да іншых актывістаў, таму, мяркую, гэта невыпадкова. Магчыма, на ўсякі выпадак рыхтуюць глебу, каб можна было адпраўляць нас на прымусовае лячэньне ад алькагалізму», — мяркуе Павал Вінаградаў.