Дзень эўрапейскіх моваў адзначылі ў Магілёве шматмоўнай экскурсіяй

Алег Дзьячкоў праводзіць экскурсію

Дзень эўрапейскіх моваў у Магілёве адзначылі экскурсіяй на дзесяці эўрапейскіх мовах па гістарычных мясьцінах гораду. У трохгадзіннай вандроўцы, якую арганізавала мясцовая суполка Таварыства беларускай мовы, узяло ўдзел каля сотні чалавек.

Старшыня суполкі ТБМ Алег Дзьячкоў: «26 верасьня адзначаецца Дзень эўрапейскіх моваў, і мы вырашылі правесьці такую незвычайную экскурсію на дзесяці эўрапейскіх мовах. Для нас галоўнае, каб людзі пачулі гучаньне гэтых моваў. Каб мы адчулі, што мы эўрапейская супольнасьць і беларуская мова — таксама эўрапейская. За тры гадзіны прагучыць уся магілёўская гісторыя на дзесяці мовах».

Пачалася экскурсія з магілёўскага замчышча — ад знака легендарнаму Машэку.

«Гісторыя любога старажытнага эўрапейскага гораду пачынаецца з замка альбо з замкавай гары. Замак у нас не захаваўся, але захавалася легендарная замкавая гара. Каб пра нешта цікавае даведацца, мы едзем далёка, а вось гісторыю Магілёва магілёўцы ня ведаюць. Таму і праводзім такое незвычайнае падарожжа», — даводзіў Алег Дзьячкоў.

Алег Дзьячкоў

Асноўнай мовай экскурсіі была беларуская. Яе перакладалі на латыскую, нямецкую, ангельскую, украінскую, францускую, польскую мовы, а таксама ідыш, іўрыт, расейскую і татарскую. У розныя часы носьбіты гэтых моў альбо стала жылі ў Магілёве, альбо наведвалі яго.

Эўрапейскі дзень моваў адзначаецца ад 2001 году, каб заахвоціць людзей вывучаць розныя мовы цягам усяго жыцьця.