У паўночнай частцы акупаванага Расеяй Крыму каля 4 тысячаў расейскіх вайскоўцаў з тэхнікай высунуліся да адміністрацыйнай мяжы з кантынэнтальнай Украінай.
Пра гэта заявіў прадстаўнік інфармацыйна-аналітычнага цэнтра РНБА Ўкраіны Андрэй Лысенка.
Ён паведаміў, што фактычна ўсе дыслякаваныя ў паўночнай частцы акупаванага Крыма вайсковыя падразьдзяленьні Расеі з населеных пунктаў Армянск, Краснаперакопск, Джанкой, Воінскае, Азоўскае высунутыя да адміністрацыйнай мяжы з мацерыковай часткай Украіны з усёй тэхнікай і боепрыпасамі і разьмешчаныя невялікімі тактычнымі групамі ад Каркініцкага заліва да Арабацкай стрэлкі.
Раней афіцыйны прадстаўнік НАТО Аана Лунгеску заявіла, што намер Расеі разгарнуць паўнавартасную групоўку расейскіх войскаў на крымскім паўвостраве ўзмоцніць напружаньне ў рэгіёне і падарве перамір’е на Данбасе.
Раней паведамлялася, што міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу прыняў рашэньне ўзмацніць ваенную групоўку расійскіх войскаў, дыслякаваных у анэксаваным Расеяй Крыме.