Уначы павялічацца цэны на паліва

На аўтазаправачных станцыях паведамляюць, што цэны на паліва памяняюцца пасьля 24 гадзіны.

«92-гі падаражэе на 400 рублёў, а астатнія — на 450 рублёў», — паведамілі на АЗС № 12 у Менску.

Гэта ўжо трэцяе за год падаражэньне аўтамабільнага паліва.

Апошні раз канцэрн «Белнафтахім» падвышаў цэны на бэнзін 19 жніўня. Рост цэнаў склаў 4–4,8%.

Першае ў 2014 годзе павышэньне кошту бэнзіну і дызпаліва (на 5,2–6,3%) адбылося 8 ліпеня «ў мэтах частковай кампэнсацыі адмоўнага ўплыву зьмены курсу беларускага рубля ў адносінах да замежных валют, а таксама ў мэтах паэтапнага збліжэньня цэнаў на нафтапрадукты ў Рэспубліцы Беларусь і Расейскай Фэдэрацыі».

У 2013 годзе цэны на аўтамабільнае паліва павышаліся пяць разоў, у 2012-м — чатыры разы. У 2011 годзе кошт паліва павышаўся 11 разоў і зьніжаўся адзін раз. Тады ў Менску прайшлі масавыя акцыі пратэсту аўтамабілістаў «Стоп-бэнзін».