Пуцін: канчатковыя дамоўленасьці па Ўкраіне могуць быць дасягнутыя ў Менску

Пятро Парашэнка і Ўладзімер Пуцін

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін заявіў сёньня журналістам ва Ўлан-Батары, што канчатковыя дамоўленасьці наконт пляну ўрэгуляваньня на паўднёвым усходзе Ўкраіны могуць быць дасягнутыя 5 верасьня на сустрэчы Кантактнай групы па Ўкраіне.

«Канчатковыя дамоўленасьці, мяркую, паміж уладамі Кіева і паўднёвым усходам Украіны маглі б быць дасягнутыя падчас прызначанай сустрэчы кантактнай групы 5 верасьня гэтага году», — заявіў Пуцін.

Гэтая сустрэча прадстаўніка Ўкраіны — экс-прэзыдэнта Леаніда Кучмы, пасла Расеі Міхаіла Зурабава, пасланца АБСЭ Гэйдзі Тальявіні і прадстаўнікоў сэпаратыстаў мае прайсьці пасьлязаўтра ў Менску.

Прэзыдэнт Расеі падчас візыту ў Манголію заклікаў выключыць ужываньне авіяцыі супраць мірнага насельніцтва на паўднёвым усходзе Ўкраіны.

Уладзімер Пуцін адзначыў, што ў тэлефоннай размове зь ягоным украінскім калегам Пятром Парашэнкам быў абгавораны плян урэгуляваньня сытуацыі ва Ўкраіне. Кіраўнік Расеі паведаміў журналістам, што гэты плян складаецца зь сямі пунктаў.