Як расейскія вайскоўцы гінулі ў ролі «апалчэнцаў»

Антон Туманаў, Растоўская вобласьць, 19 ліпеня. Фота з "Вконтакте"

20-гадовы расейскі вайсковец Антон Туманаў цягам месяца тройчы быў ва Ўкраіне «ў ролі апалчэнца». 13 жніўня ён загінуў разам з больш чым сотняй саслужыўцаў, піша расейская «Новая газета».

Рэчы, пашпарт і вайсковы білет малодшага сяржанта Антона Туманава маці яшчэ не аддалі. 20 жніўня маці, Алена Туманава, якая жыве ў мястэчку Козьмадзям’янск у Рэспубліцы Марый Эл, атрымала толькі труну і копію пасьведчаньня аб сьмерці з растоўскага моргу. Там пазначаная дата сьмерці — 13 жніўня 2014 году, месца — «Пункт часовай дысьлякацыі вайсковай часткі 27777», а ў пятнаццатым пункце пра прычыны сьмерці выбраны варыянт «род сьмерці ня вызначаны».

Маці расказала журналістцы, што Антон Туманаў пайшоў у войска кантрактнікам, бо ў яго не атрымалася знайсьці працу пасьля тэрміновай службы. «У сьледчы ізалятар яго не ўзялі, таму што ў яго анэмія. Для войска ён прыдатны, а для працы — не».

У 18-ю асобную мотастралковую брыгаду, в/ч 27777, у пасёлак Каліноўская ў Чачні Туманаў зьехаў 21 чэрвеня. У пачатку ліпеня ў тэлефоннай размове з маці распавёў, што ў частцы пытаюцца, хто хоча добраахвотна паехаць ва Ўкраіну, але ўсе адмаўляюцца. Потым ён напісаў маці, што яго адпраўляюць пад Растоў.

Дзяўчына Антона Туманава, 17-гадовая Насьця Чарнова, кажа, што ў канцы ліпеня ён упершыню сказаў у тэлефоннай размове зь ёй: «Едзем на вайну». Перапалоханая Насьця спытала толькі: «Ва Ўкраіне ж няма расейцаў?» — «Мы едзем у ролі апалчэнцаў». Дні тры-чатыры не выходзіў на сувязь.

Другі раз, як распавёў Антон Насьці, іх адправілі ва Ўкраіну 3 жніўня, на два дні.

10 жніўня Антон патэлефанаваў дадому: «Мама, нас адпраўляюць у Данецк». У размове з Насьцяй Чарновай ён дадаў, што будзе ва Ўкраіне месяцы два-тры, магчыма, да лістапада, бяз сувязі.

Пра тое, што адбывалася далей, вядома з аповеду двух таварышаў па службе Антона па в/ч 27777, якія пасьля пахаваньня прыехалі ў Козьмадзям’янск зь яго дакумэнтамі. Паводле іх, загад перайсьці мяжу з Украінай прыйшоў 11 жніўня. Тых, хто адмаўляўся, камандаваньне абражала, сароміла і пагражала крымінальным перасьледам. Усе дакумэнты і тэлефоны загадалі здаць, форму зьняць (усе пераапрануліся ў просты камуфляж), на тэхніцы замазаць апазнавальныя знакі і нумары. На ногі і рукі павязалі вузкія белыя стужкі — пазьней маці Туманава знайшла ў сацыяльнай сетцы «Вконтакте» фатаграфію сына з такімі павязкамі і камэнтаром яго саслужыўца: «Гэта знакі апазнаваньня свой-чужы. Сёньня на назе, заўтра на правай руцэ і гэтак далей. Усё, што рухаецца без павязак, — зьнішчаецца».

Уначы 12 жніўня калёна з 1200 чалавек зайшла ва Ўкраіну і ўдзень 13-га спынілася на тэрыторыі заводу ў горадзе Сьнежнае Данецкай вобласьці за 15 кілямэтраў ад мяжы. У той жа дзень па калёне ўдарылі з «Градаў».

Саслужыўцы сказалі, што з 1200 чалавек прыкладна 120 загінулі, а яшчэ каля 450 былі параненыя.

Адзін з саслужыўцаў Антона Туманава выклаў у «Вконтакте» фатаграфію Туманава разам зь іншым хлопцам. Подпіс: «Аруцюнян Роберт Мартунавіч, Туманаў Антон. Героі, якія загінулі пры выкананьні воінскага абавязку». У камэнтарах — пытаньне аб іх падразьдзяленьні і месцы сьмерці. Адказ: «Група інжынэрнай разьведкі ў складзе мотастралковага бата. Сьнежнае, адна з ўсходнеэўрапейскіх краін». Наступнае пытаньне: «А ва Ўсходняй Эўропе яны што рабілі?» Адказ: «Выконвалі загад мы. У ролі апалчэнцаў. Дарэчы, памянялі мяне на вышыні пскоўскія дэсантнікі, якім быццам бы таксама няма чаго рабіць на паўднёвым усходзе Эўропы».

Цалкам рэпартаж «Новой газеты» можна прачытаць тут.