Парашэнка пачне менскі візыт сустрэчай з Эштан

Пятро Парашэнка

Пляцоўкай для менскай сустрэчы прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі і Вярхоўнага прадстаўніка Эўразьвязу па замежных справах Кэтрын Эштан абраная амбасада Ўкраіны ў Менску.

«Гэтая сустрэча пройдзе ў амбасадзе»,— паведамілі агенцтву «Інтэрфакс» ва ўкраінскай дыпмісіі ў Менску.

Там ўдакладнілі, што «пакуль прэзыдэнт яшчэ не прыляцеў у Мінск, яго прыбыцьцё чакаецца ў Нацыянальны аэрапорт Мінск у 11:15».

Парашэнка пачне свой візыт у Менск з двухбаковай сустрэчай з Кэтрын Эштан. Сустрэча з Вярхоўным прадстаўніком ЭЗ па замежных справах пачнецца адразу ж пасьля прылёту Парашэнкі ў беларускую сталіцу.

Пасьля гэтага заплянаваны двухбаковыя перамовы Парашэнкі з прэзыдэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, а таксама шматбаковая сустрэча прэзыдэнтаў Украіны, Расеі, Беларусі і Казахстана пры ўдзеле Эштан. Пакуль невядома, ці адбудзецца ў рамках візыту двухбаковая сустрэча кіраўніка ўкраінскай дзяржавы з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным.