Узброеныя сілы Ўкраіны ўзьнялі дзяржаўны сьцяг над будынкам міліцыі ў Луганску, які некалькіх месяцаў знаходзіўся пад кантролем прарасейскіх сэпаратыстаў.
Пра гэта паведамляе «Голас Амэрыкі» са спасылкай на прадстаўнікоў афіцыйнага Кіева.
Сьпікер Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Андрэй Лысенка паведаміў, што ўрадавыя войскі вялі баі ў ваколіцах Луганска і ўзялі пад кантроль міліцэйскі ўчастак і шпіталь. "Пасьля жорсткага бою ў раёне Вялікая Вяргунка ў Луганску антытэрарыстычныя сілы аднавілі кантроль над будынкам міліцэйскага ўчастка Жаўтнёвага раёну і ўзьнялі над ім дзяржаўны сьцяг Украіны«,— паведаміў Лысенка.
Тым часам паблізу расейскай мяжы была заўважаная калёна бронетэхнікі, якая знаходзіцца ў руках прарасейскіх мяцежнікаў. У складзе калёны — ракетная сыстэма «зямля-паветра». Калёна рухаецца на захад, углыб тэрыторыі, кантраляванай сэпаратыстамі.
Пасьля вызваленьня луганскага шпіталя сьпісы з пацыентамі, сярод якіх і вялікая колькасьць баевікоў, патрапілі ў рукі актывістаў «Эўрамайдану». У прыватнасьці, у дакумэнце пазначаны іх імёны, а таксама адрасы пражываньня.
«У вызваленай бальніцы Луганска сьпісы параненых тэрарыстаў з адрасамі захаваліся. І такіх лісточкаў вельмі шмат», — гаворыцца ў паведамленьні.