«Фэдэралізацыя» Беларусі

Belarus - Sieviaryn Kviatkouski

Ня так даўно ў размове пачуў прапанову: давайце фэдэралізуем Беларусь згодна з ідэалягічнымі прыярытэтамі людзей. І за вонкавую прыкмету возьмем стаўленьне да беларускай мовы.

Пагаварылі. Сэнс у тым, што мой суразмоўца бачыць, як імгненна беларускія грамадзяне разыходзяцца ў сваім бачаньні будучыні краіны. Адценьняў шмат, але кардынальных кірункаў два: сваё/імпэрскае-савецкае.

І гэтая абсурдная для монаэтнічнай краіны «фэдэралізацыя» – гэта крок, каб зьмікшаваць магчымае грамадзянскае супрацьстаяньне.

Нічога сабе, зрабіць з краіны Босьнію – з анклявамі рознакультурных паселішчаў.

Лухта, трызьненьне? Я лепш пачаў разумець матывы суразмоўцы, калі натрапіў на інфармацыю:

Дзецюка зьбілі ў электрычцы за нацыянальную сымболіку.

А людзі старэйшага веку за беларускую мову рэагуюць як на «бандэраўца».

За апошнія месяцы я ня раз сустракаў у СМІ і ў прыватных паведамленьнях падобныя прыклады:

На вакзале заказваю квіток. Гавару па-беларуску. Старэйшая за мяне пара стаіць адразу за мной, зь непрыхаванай нянавісьцю: «Бандэравец!».

Нядаўна зайшоў на пошту, патэлефанаваў знаёмы, зь якім мы толькі па-беларуску размаўляем. Чарга змоўкла. Падлеткі глядзелі на мяне, як на жывы помнік.

– Бандэравец, ідзі аплочвай, – зьвярнуўся да мяне мужчына, які стаяў перада мной.

Памылка майго суразмоўцы пра «фэдэралізацыю» ў тым, што за прыкмету сьветагляду ён бярэ беларускую мову.

Мова – важны чыньнік, але ня першасны. Спачатку ў галаве чалавека адбываецца канструяваньне сваіх прынцыпаў, прыярытэтаў, філязофіі, а пасьля, як вынік, ён вяртаецца/зьвяртаецца да беларускай мовы ў той ці іншай ступені карыстаньня.

У галовах беларусаў падзел ідзе прыблізна на «сваё» / «калгаснае»: свая краіна / савецкая імпэрыя.

«Фэдэралізацыя» немагчымая: усё і ўсе пераплеценыя тысячамі нітак-сувязяў.

А працэсы ідуць.

Беларускі хлопец абазначыў сябе як «Я русский». Напаткаў іншых – беларускаарыентаваных. Яны зрабілі акцыю «выхаваньня». «Я русский», вядома, ня выхаваўся. Скарыўся большай сіле, і хутчэй за ўсё, захаваў злосьць.

Магчыма, наступны раз ён будзе ў электрычцы ў кумпаніі з аднадумцамі шукаць сваіх крыўдзіцеляў.

Лукашэнка загнаў пад коўдру якую-кольвек ідэалёгію, і доўга меў магчымасьць гвалтам трымаць гэтую коўдру накрытай.

Як антыбіётык, які забівае і карысныя, і шкодныя бактэрыі, улада Беларусі імкнулася зьнівэляваць кожную непадцэнзурную праяву грамадзянскай пазыцыі.

У тым ліку прыціснула і носьбітаў славяна-фашызму, і чырвона-імпэрскасьці. Даўно ня ходзяць маршамі РНЕшнікі, як ня ходзяць маршамі «зубраўцы».

Але колькі ні цісьні, рана ці позна прарве, бо энэргія назапашваецца, і шукае выйсьця.

Прарвала на ўкраінскіх падзеях. Стась Карпаў:

– Мухі аддзяляюцца ад катлет. Цяпер тыя, каторыя «ватнікі», стануць дакладна ватнікамі. Тыя, каторыя «нашы», стануць відавочна нашымі. А тыя, каторыя ні рыба ні мяса, будуць вызначацца. Гэта добра.

У плоскасьці самавызначэньня, напрыклад, з падлеткамі ўсё больш-менш зразумела. На абшарах інтэрнэту яны знаходзяць прывабныя для сябе ідэі для самасьцьвярджэньня.

«Я русскому» хочацца далучыцца да многіх мільёнаў, як яму падаецца, вялікай і пераможнай Расеі – краіны для самазацьвярджэньня свайго «я».

Для беларусацэнтрычных хлопцаў годнасьць ляжыць у адстойваньні свайго.

Але гэтыя наяўныя і будучыя групоўкі – мізэр па колькасьці ад усяго грамадзтва.

Галоўны нефармальны ступар – тыя, для каго носьбіт літаратурнай беларускай мовы – «бандэравец». Гэткі мадэрнізаваны колішні «бээнэфавец».

Усе сьведчаньні, якія я чуў і чытаў, зьвязаныя зь немаладымі малаадукаванымі незаможнымі людзьмі. Можна проста сказаць, што яны «празамбаваныя русТВ», і ўсё. То бок, дапускаем, што з часам іх можна «перазамбаваць» на свой бок.

У такім выпадку нічога прынцыпова ня зьменіцца – былі зомбі і засталіся.

Другі варыянт – вымусіць іх выразна самаідэнтыфікавацца: падзел мух і катлет.

Паколькі большасьць СМІ ў нас манапалізаваныя дзяржавай, то па лёгіцы дзяржаве і карты ў рукі ў працы з грамадзянамі. Напужаныя расейскай прапагандай цётухны з глухіх райцэнтраў абмяркоўваюць «бандэраўцаў», а не намалоты збожжа, пра якія распавядае БТ.

Гэты фокус мы праходзілі ў 1990-х, калі бутафорскім «Правым рэваншам» БТ пужала бабулек па вёсках. Толькі сёньня пужаньне ідзе па-за кантролем беларускай дзяржавы.

Я сумняюся, што ўлада Беларусі здолее перабудавацца, бо яна завязаная на аднаго чалавека.

Таму прагноз такі – беларускае грамадзтва будзе само сабой дзяліцца, як гэта адбываецца па ўсім былым СССР. Прыблізна па прынцыпе на «за сябе» і «за савецкую імпэрыю».

Адрозьненьне ад 1990-х у тым, што «за імпэрыю» значна пастарэла, а за «сябе» – памаладзела.

На ўзроўні ідэалёгіі Расея ўжо пацягнула за сабой Беларусь.

Дваццаць апошніх гадоў беларусацэнтрычных людзей вінавацілі ў адсутнасьці салідарнасьці. Ва ўкраінцаў салідарнасьць зьявілася, калі намалявалася зьнешняя небясьпека.

Трэба быць гатовымі да салідарнасьці праз выпрабаваньне.