На амбасадара Ежэля завялі справу

Генпракуратура Ўкраіны падазрае былога міністра абароны Ўкраіны Міхаіла Ежэля ў межах крымінальнай вытворчасьці аб падрыве абараназдольнасьці Ўзброеных сіл.

Пра гэта журналістам заявіў генпракурор Віталь Ярэма, перадае РБК-Украіна.

Міхаіл Ежэль быў прызначаны на амбасадара Ўкраіны ў Беларусі ў 2013 годзе Віктарам Януковічам. Пасаду міністра абароны ён займаў у 2010-2012 гадах.

«Мы прад’явілі падазрэньне некалькі дзён таму былому міністру абароны Ежэлю», — адзначыў Ярэма.

Падазрэньне прад’яўлена ў рамках крымінальнай вытворчасьці па фактах падрыву абараназдольнасьці арміі.

У траўні 2014 году генпракуратура Ўкраіны пачала расьсьледаваньне адносна дзейнасьці ўкраінскіх міністраў абароны за апошнія гады.