Дзьмітрыеў прапануе стварыць на межах асобныя чэргі для беларусаў

Андрэй Дзьмітрыеў

Адзін зь лідэраў кампаніі «Гавары праўду!» Андрэй Дзьмітрыеў зьвярнуўся з прапановай да старшыні Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі Леаніда Мальцава. Дзьмітрыеў хоча аблегчыць беларусам пераход мяжы.

«Перасякаючы дзяржаўную мяжу, грамадзяне Беларусі сутыкаюцца з сытуацыяй, калі асобная чарга фармуецца з транспартных сродкаў з рэгістрацыйнымі знакамі Эўразьвязу, а агульная чарга — зь легкавых аўтамабіляў, якія належаць грамадзянам Расеі і Беларусі.

Пасажырапаток грамадзян Расеі, якія едуць праз тэрыторыю Беларусі, вельмі інтэнсіўны. Чарга на памежных пунктах расьцягваецца на доўгія гадзіны чаканьня, што асабліва згубна для здароўя грамадзян з кардыялягічнымі захворваньнямі і дзяцей», — піша Дзьмітрыеў у звароце.

Аўтар звароту прапануе аддзяляць беларусаў ад расейцаў — «для паскарэньня працэдуры памежнага і мытнага афармленьня сфармаваць для аўтамабіляў грамадзян Беларусі асобную чаргу, або перамясьціць расейскіх аўтааматараў у чаргу з грамадзянамі іншых дзяржаў».

Памежны камітэт: Пакуль сэнсу ў гэтым няма

Прэсавы сакратар Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі Аляксандр Цішчанка ў адказ на ініцыятыву Андрэя Дзьмітрыева зазначыў Свабодзе:

«Зь беларускага боку дзейнічаюць агульныя каналы. Беларусы, расейцы і эўрапейцы стаяць у адной чарзе. Разьдзяленьне існуе толькі на „зялёны“ і „чырвоны“ каналы, якое робіцца на падставе таго, ці ёсьць што чалавеку дэкляраваць, але ніякім чынам не залежыць ад грамадзянства. Разьдзяленьне паводле грамадзянства можна лічыць відам дыскрымінацыі: сваіх абслугоўваюць хутка, а не сваіх — павольна. Падзел на чэргі для беларусаў і расейцаў мог бы быць, калі б для іх былі розныя працэдуры афармленьня, напрыклад, але такога няма. Таму пакуль сэнсу рабіць такі падзел няма. Вядома, калі ўзьнікнуць праблемы, будзем нешта думаць, але пакуль яны не ўзьнікалі».