Лоеў памятае пра сваю бітву

Гісторык Мікалай Анісавец і бард Вальжына Цярэшчанка ля памятнага камня

Гомельскія сябры Таварыства беларускай мовы супольна з актывістамі райцэнтру Лоеў адзначылі знамянальную гістарычную дату — 365-годзьдзе перамогі войскаў гетмана ВКЛ Януша Радзівіла над 30-тысячнай арміяй казакоў.

Бітва адбылася 31 ліпеня 1649 году на самым поўдні цяперашняй Беларусі і ўвайшла ў гісторыю як Лоеўская бітва.

Мясцовы гісторык і дасьледчык тых падзеяў Мікалай Анісавец кажа, што армія казакоў мела ня менш як трохразовую перавагу па колькасці, але пацярпела паразу. У палон патрапіў і сам камандзір войска Міхайла Крычэўскі.

Чальцы грамадзкага аб’яднаньня садзейнічаньня захаваньню навакольнага асяродку і культурна-гістарычнай спадчыны «Карані» выявілі месца бітвы, усталявалі мэмарыяльныя знакі ў памяць загіблых у Лоеўскай бітве, на стане войск ВКЛ, на месцы Татарскага броду — сярэднявечнай пераправы на Дняпры.

Сёлета тут склалі жывыя кветкі.

Сябра «Беларускай асацыяцыі журналістаў» Марыя Булавінская да гістарычнай даты прэзэнтала жыхарам Лоеву дакумэнтальны фільм «Лоеўская бітва».