Беларусы будуць езьдзіць бязь візаў у «цікавыя» краіны

Беларусь вядзе перамовы пра адмену візавага рэжыму з 15 краінамі сьвету.

Пра гэта паведаміў міністар замежных спраў Уладзімер Макей у інтэрвію тэлеканалу «Сталічнае тэлебачаньне». Свабода спрабуе дазнацца, у якія канкрэтна дзяржавы грамадзяне Беларусі змогуць зь цягам часу езьдзіць без візаў.

Міністар Макей заявіў, што краін, зь якімі вядуцца перамовы аб спрашчэньні візавага рэжыму і аб яго адмене наагул, — паўтара дзясятка. Канкрэтна ж назваў толькі дзьве — Аб’яднаныя Арабскія Эміраты і Сынгапур. З розных крыніцаў сталі вядомыя яшчэ шэраг такіх дзяржаў: Інданэзія, Катар, Аман, Лаос, Лібан, Уругвай, Ізраіль...

У гэтым сьпісе Ізраіль займае асобнае месца, бо там жыве шмат выхадцаў зь Беларусі. Пакуль што і яны, і іх сваякі, якія засталіся ў Беларусі, адчуваюць сябе ў дыскрымінаваным становішчы: бязь візаў адзін аднаго не адведаеш. А вось грамадзяне Расеі зь верасьня 2008 году, а затым і Ўкраіны — зь лютага 2011-га карыстаюцца бязьвізавым рэжымам.

«У нас зараз добрая пэрспэктыва пераходу на бязьвізавы рэжым з Ізраілем», — сказаў сёньня Свабодзе прэсавы сакратар МЗС Беларусі Дзьмітры Мірончык:

Дзьмітры Мірончык

«Пэрспэктывы цалкам пазытыўныя. Мы шчыра спадзяемся, што тыя аптымістычныя заявы, якія робяць вельміпаважаныя прадстаўнікі ізраільскага боку, спраўдзяцца. Я маю на ўвазе, па-першае, заяву амбасадара Ізраіля ў Беларусі спадара Шагала, які сказаў, што беларусы, мабыць, змогуць бязь візаў наведаць Сьвятую зямлю, каб адзначыць Раство Хрыстова. А па-другое, спадарыня Кіршэнбаўм — намесьніца міністра ўнутраных спраў Ізраіля — наагул казала, што гэтае палажэньне можа запрацаваць яшчэ ў кастрычніку 2014 году. І ў выпадку зь беларусамі ніякіх патрабаваньняў наконт біямэтрычных пашпартоў з боку Ізраіля ня будзе».

Чаму беларусы апынуліся ў горшым становішчы, чым расейцы і ўкраінцы, палітоляг Алесь Лагвінец тлумачыць так:

Алесь Лагвінец

«Тут усё палягае ў непаваротлівасьці, бюракратычнасьці і палітычных страхах беларускай улады, а таксама працы МЗС Беларусі, якое загнанае ў пастку. З аднаго боку, міністэрства хацела б атрымліваць грошы за візы ад грамадзянаў Ізраіля, якія так ці інакш прыяжджаюць у Беларусь. А зь іншага боку, вядома, мы знаходзімся ў горшым становішчы, чым Расея і Ўкраіна, якія своечасова паклапаціліся пра бязьвізавы рэжым з Ізраілем».

Сёлетнім летам на бязьвізавы рэжым Беларусь перайшла з трыма краінамі: Эквадорам — ад 20 чэрвеня, Турэччынай — ад 1 ліпеня і Манголіяй — ад 5 ліпеня. Дзьмітры Мірончык адзначае:

«Раней у нас працавала дамова, заключаная яшчэ паміж Савецкім Саюзам і Манголіяй. Зараз мы яе замянілі адпаведнай двухбаковай дамовай. Яна адпавядае сучасным стандартам. Больш не патрабуюцца нават тыя паперы, якія патрабаваліся ў дамове савецкіх часоў».

Прынцып, паводле якога Беларусь абірае партнэраў для бязьвізавага рэжыму, Уладзімер Макей выклаў у тым жа інтэрвію «Сталічнаму тэлебачаньню»:

«Задача ў тым, каб выканаць устаноўку прэзыдэнта, якую ён даў у пасланьні да парлямэнту і народу ў 2013 годзе. Мы павінны ствараць нармальныя ўмовы для вядзеньня бізнэсу ў нашай краіне з тымі краінамі, якія нам цікавыя, і забясьпечыць нашым грамадзянам, вядома ж, свабоду руху з тымі краінамі, якія нам цікавыя».

«На мой погляд, кіраўніцтву Беларусі трэба было б пераарыентавацца ў вызначэньні краін для бязьвізавага рэжыму зь „цікавых“ на карысныя», — кажа Алесь Лагвінец:

«Цікавымі краінамі могуць быць любыя краіны ў сьвеце. А наколькі яны могуць быць карыснымі, гэта іншае пытаньне. І наколькі ўсталяваньне бязьвізавага рэжыму зь імі спросьціць жыцьцё беларусам і будзе мець эканамічны эфэкт.

І калі казаць пра зручнасьць і эканамічны эфэкт для беларусаў, то галоўнае для нас — гэта пабудова бязьвізавай прасторы з краінамі Эўрапейскага Зьвязу. На гэта рэжым Лукашэнкі сёньня ня пойдзе. І Макей, як прадстаўнік гэтага рэжыму, робіць добрую міну пры кепскай гульні. А сутнасьць кепскай гульні ў тым, што Беларусь сёньня знаходзіцца ў наўпаўсамаізаляцыі адносна краінаў Эўразьвязу. Улады Беларусі хочуць атрымліваць толькі эканамічную выгаду і супрацоўнічаць толькі на сваіх умовах. А гэта ня ўмовы цывілізаваных адносінаў».

На афіцыйным сайце МЗС Беларусі ёсьць сьпіс бязьвізавых краін для грамадзян Беларусі. У яго ўключаныя Азэрбайджан, Армэнія, Вэнэсуэла, Гандурас, Грузія, Казахстан, Куба, Кіргізстан, Малдова, Македонія, Малайзія, Манголія, Нікарагуа, Панама, Расея, Сэрбія, Таджыкістан, Узбэкістан, Турэччына, Украіна, Чарнагорыя, Эквадор.