Расейская амбудсмэнка наведала палонную ўкраінскую лётчыцу

Надзея Саўчанка

Упаўнаважаная па правах чалавека ў Расеі Эла Памфілава наведала ўкраінскую лётчыцу Надзею Саўчанку ў варонескім СІЗА, дзе ўкраінская вайскоўка знаходзіцца пад арыштам паводле абвінавачаньня ў дачыненьні да забойства двух расейскіх журналістаў пад Луганскам.

Як паведамляюць расейскія СМІ, на сустрэчы з журналістамі Памфілава заявіла, што ўмовы ўтрыманьня Саўчанкі ніякіх скаргаў не выклікаюць, і абяцала прыкласьці ўсе намаганьні, каб выканаць асабістыя просьбы арыштаванай. Якія менавіта — амбудсмэнка не палічыла карэктным паведаміць.

Раней адвакат Саўчанкі Марк Фэйгін, які наведаў падабаронную ў СІЗА, напісаў у твітэры, што падае ў Сьледчы камітэт Расеі заяву аб выкраданьні Саўчанкі і вывазе яе з тэрыторыі Ўкраіны ў Расею. Па словах украінскай лётчыцы, яе захапілі сэпаратысты пад Луганскам і затым пераправілі ў горад Багучар Варонескай вобласьці Расеі. Сьледчы камітэт Расеі сьцьвярджае, што Саўчанка была затрыманая ўжо ў Расеі як уцякачка без дакумэнтаў.