Прэзыдэнт Расеі Уладзімір Пуцін і канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель пагадзіліся, што сытуацыя ва Ўкраіне мае тэндэнцыю да дэградацыі і заклікалі да актывізацыі намаганьняў па правядзеньні мірных перамоваў паміж украінскімі ўладамі і сэпаратыстамі.
Пуцін і Мэркель у нядзелю правялі сустрэчу ў Рыа-дэ-Жанэйра перад пачаткам фінальнага матчу чэмпіянату сьвету па футболе.
Як паведамляе прэс-сакратар расейскага прэзыдэнта Дзьмітры Пяскоў, абодва лідэры адзначылі неабходнасьць тэрміновага аднаўленьня працы кантактнай групы, магчыма ў фармаце відэаканфэрэнцыі. Яны мяркуюць, што для гэтага неабходна як мага хутчэй дамагчыся рэжыму спыненьня агню, дадаў Пяскоў.
Пуцін і Мэркель рэгулярна па тэлефоне абмяркоўваюць сытуацыю ва Ўкраіне. Канцлер ФРГ заклікае Пуціна аказаць уплыў на сэпаратыстаў з мэтай урэгуляваньня крызісу на ўсходзе Ўкраіны.