Суд разгледзіць скаргу журналіста

27 чэрвеня ў Гарадзенскім абласным судзе будзе разглядацца касацыйная скарга журналіста Алеся Залеўскага.

27 траўня Карэліцкі раённы суд пакараў яго штрафам на 30 базавых велічынь за выраб і распаўсюд інфармацыі для тэлеканалу «Белсат» без адпаведнай акрэдытацыі.

Алесь Залеўскі не пагадзіўся з прысудам па адміністрацыйным артыкуле 22.9 і адразу накіраваў касацыйную скаргу ў Гарадзенскі абласны суд. Ён лічыць, што гэтым судовым рашэньнем дзяржава парушае яго законнае права на бесперашкодны збор, захаваньне і распаўсюд інфармацыі.

Сёлета гэта ўжо не першая падобная справа на Гарадзеншчыне. 25 чэрвеня такую ж скаргу ў Гарадзенскі абласны суд накіраваў яшчэ адзін незалежны журналіст Андрэй Мялешка. 16 чэрвеня судзьдзя Кастрычніцкага суда Горадні Дзьмітрый Кедаль прызнаў журналіста вінаватым у парушэньні артыкула 22.9 за нібыта падрыхтаваны ім сюжэт для “Беларускага Радыё Рацыя”, зарэгістраванага ў Польшчы.

Журналісты асабліва не спадзяюцца на адмену папярэдніх судовых рашэньняў, але маюць намер дамагацца сваіх правоў ва ўсіх інстанцыях, уключаючы Камітэт па правах чалавека ААН.