Тры былыя прэзыдэнты Ўкраіны напісалі Пуціну

Тры былыя прэзыдэнты Ўкраіны Леанід Краўчук, Леанід Кучма і Віктар Юшчанка ў адкрытым лісьце, накіраваным прэзыдэнту Расеі Ўладзіміру Пуціну, заклікалі спыніць агрэсію ў Данецкай і Луганскай абласьцях і пачаць з Кіевам перамоўны працэс.

Былыя лідэры зьвярнуліся да прэзыдэнта Расеі з просьбай «прыслухацца, спыніцца і ня ўмешвацца ва ўнутраныя справы Ўкраіны».

Уладзімір Пуцін у суботу падтрымаў мірны плян Пятра Парашэнкі, які прапануе аднабаковае спыненьне агню на паўднёвым усходзе краіны, удакладніўшы, што ўмовы рэжыму спыненьня агню не павінны мець характар "ультыматуму".