У Краматорску ня толькі ваююць, але і працуюць на Астравецкую АЭС

Дэталі для Беларускай атамнай станцыі, якая будуецца ў Астраўцы, вырабляюць у тым ліку ў ахопленым вайной украінскім Краматорску.
Пэрыядычна ў СМІ зьяўляецца інфармацыя, што ў гэтым горадзе адбываюцца артылерыйскія абстрэлы прамысловай зоны. Ці ёсьць гарантыя, што на Краматорскім заводзе «Энэргамашспэцсталь» вырабяць для будучай АЭС якасныя дэталі.

Краматорскі завод «Энэргамашспэцсталь» — адзін з найбуйнейшых пастаўшчыкоў спэцыяльных літых і каваных вырабаў для мэталюргіі, суднабудаўніцтва, энэргетыкі.

Начальнік прэсавай службы прадпрыемства Аксана Чэрнікава пацьвердзіла Радыё Свабода, што ў іх цяпер вырабляецца вялікі заказ для Беларускай АЭС:
«Беларусь — адзін з ключавых праектаў, і ён на асобым кантролі. У нас паводле графіку ідуць адгрузкі на Беларусь, а таксама на ўсіх іншых дзейных заказах адгрузкі ідуць стабільна. Усё пад кантролем. Якраз пасьля падзеяў 9–10 чэрвеня, калі быў артабстрэл, у нас выйшаў прэс-рэліз, у якім мы тлумачым, што ўсё паводле графіку, цэхі не пашкоджаныя, абсталяваньне працуе стабільна, у штатным рэжыме».

Як толькі пачалося абвастрэньне сытуацыі ва Ўкраіне, у сьнежні 2013 году намесьнік дырэктара Дэпартамэнту ядзернай энэргетыкі Васіль Палюховіч тлумачыў нашаму радыё, што канкрэтна вырабляюць для Беларускай АЭС у Краматорску:
«Ва Ўкраіне зрабілі толькі загатоўкі для корпуса рэактара. Толькі загатоўкі. А потым у Валгадонску будуць рабіць корпус рэактара. А ўвесь рэактар праектуе і вырабляе „Гідрапрэс“. Толькі генэральны падрадчык арганізуе і кантралюе ўсю працу. Ён нам пад ключ здае атамную станцыю».

Краматорскі завод «Энэргамашспэцсталь», «Атаммаш» (валгадонскі філіял ЗАТ «АЭМ-тэхналёгіі») і вопытна-канструктарскае бюро «Гідрапрэс» — распрацоўшчык атамных рэактараў як вайсковага, так і цывільнага прызначэньня — уваходзяць у склад дзяржкарпарацыі «Росатом».

Таму ўсе прадпрыемствы, у тым ліку і завод у Краматорску, строга кантралююцца «Росатомам», запэўніў намесьнік дырэктара Дэпартамэнту ядзернай энэргетыкі Васіль Палюховіч:
«Завод, дзе вырабляюцца загатоўкі для корпуса рэактара, зьяўляецца структурным падразьдзяленьнем расейскага „Росатома“. А „Росатом“ валодае кампаніямі і ў Нямеччыне, і ў іншых краінах. Гэта цалкам нармальна, міжнародны падзел».

Начальнік прэсавай службы Адкрытага акцыянэрнага таварыства «Энэргамашспэцсталь» Аксана Чэрнікава, што тычыцца працы краматорскага прадпрыемства, не хавае цяжкасьцяў:
«Вядома, працаваць складана. Ёсьць складанасьці з адгрузкай прадукцыі аўтамабільным транспартам — мы не адмаўляем, што такія праблемы ўзьнікаюць, але яны ўсе вырашаюцца ў апэратыўным парадку. То бок нічога такога, што б прымусіла нас адмовіцца ад дамоваў — няма. Мы гатовыя выконваць усе ўмовы, якія агавораныя з заказчыкамі. Калі б паўсюль было так, як у нас на заводзе, у краіне было б усё цудоўна».

Тыдзень таму на адкрыцьці выставы «АТОМЭКСПО» гендырэктар «Атамэнэргамаша» Андрэй Нікіпелаў распавёў:
«Для Беларускай АЭС, якая цяпер будуецца, нашы прадпрыемствы па выніках конкурсу сталі пастаўшчыкамі асноўнага абсталяваньня рэактарнай устаноўкі на суму больш за 13 мільярдаў рублёў».