Праз 16 гадоў пасьля стварэньня PayPal прыходзіць у Беларусь

Фота Shutterstock

Сыстэма электронных плацяжоў PayPal абвясьціла, што запускае свае паслугі на рынках 10 новых краінаў.
«У бліжэйшыя дні жыхары Беларусі, Зымбабвэ, Камэруну, Кот-д’Івуару, Македоніі, Малдовы, Манака, Нігерыі, Парагваю і Чарнагорыі змогуць адкрыць рахункі ў PayPal і пачаць рабіць плацяжы на мільёнах сайтаў па ўсім сьвеце без неабходнасьці ўводу дадзеных банкаўскіх карт. Цяпер PayPal даступны ў 203 краінах», — паведамілі прадстаўнікі сістэмы, не ўдакладняючы канкрэтнай даты пашырэньня геаграфіі сэрвісу.

«Мы радыя, што сёньня жыхары Беларусі атрымліваюць зручнае і простае рашэньне для зьдзяйсьненьня пакупак праз інтэрнэт. Мы пастаянна працуем над пошукам новых пэрспэктыўных рынкаў», — цытуе Інтэрфакс рэгіянальнага дырэктара PayPal у Расеі і Беларусі Ўладзімера Малюгіна.

«Сэрвіс PayPal ў Беларусі быў запушчаны на тле разьвіцьця інтэрнэту і электроннай камэрцыі ў гэтым рэгіёне. Паводле Нацыянальнага статыстычнага камітэту Рэспублікі Беларусь у краіне налічваецца 9,4 мільёна інтэрнэт-карыстальнікаў», — адзначылі прадстаўнікі сыстэмы электронных плацяжоў.

У сыстэме PayPal плацяжы ідуць праз абароненае злучэньне. Для працы трэба мець пацьверджаны акаўнт, увесьці адрас электроннай пошты і пароль. У акаўнце прапісаны адрас, куды будуць дастаўляцца пакупкі. Карыстальнікі PayPal могуць пераводзіць грошы адзін аднаму.

Карыстаньне PayPal’ам бясплатнае: рэгістрацыя ў сыстэме і адпраўленьне грашовых сродкаў робяцца без камісіі. Камісія спаганяецца з атрымальніка плацяжу за залічэньне грошай. Яе памер залежыць ад краіны плацельшчыка і краіны і статусу атрымальніка плацяжу. Па змоўчаньні PayPal таксама атрымлівае даход за кошт розьніцы курсу валют.