Прэс-служба Лукашэнкі пра званок ад «сына Януковіча»: Камэнтароў ня будзе

Прэс-служба Аляксандра Лукашэнка не камэнтуе аўдыёзапіс тэлефоннай размовы, які зьявіўся на рэсурсе LB.ua.
На аўдыёзапісе чалавек, голас якога падобны да голасу народнага дэпутата Віктара Януковіча-малодшага, гаворыць зь іншым, чый голас падобны да голасу прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.

«Камэнтароў на гэты конт ня будзе», — паведамілі Радыё Свабода ў прэс-службе беларускага прэзыдэнта.

Блог Эўрамайдана паведамляе, што аўдыёзапіс — розыгрыш пранкера Vovan222.

Пранкер Vovan222, які, імаверна, размаўляў праз тэлефон з Аляксандрам Лукашэнкам ад імя Віктара Януковіча-малодшага, сына былога ўкраінскага прэзыдэнта, абяцае расказаць усе падрабязнасьці заўтра, 17 чэрвеня. Сваёй датычнасьці да зьяўленьня аўдыёзапісу ён не адмаўляе.