Наста Дашкевіч нарадзіла дачку

Зьміцер і Наста Дашкевічы, архіўнае фота

У сям’і вядомых апазыцыянэраў Насты і Зьмітра Дашкевіча сёньня нарадзілася першае дзіця.
«Учора Настачку забралі, а сёньня раніцай яна нарадзіла. Дзяўчынка, 2650», — паведаміў Радыё Свабода шчасьлівы бацька Зьміцер Дашкевіч.

«Імя мы пакуль не афішуем», — дадаў ён.

«Іншыя адчуваньні ў мяне зьявіліся, калі я даведаўся, што мы чакаем дзіця. Я зразумеў, што гэта будзе іншае жыцьцё», — зазначыў Свабодзе былы палітвязень, адзін зь лідэраў «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч.

«Адна справа, як я мог сябе паводзіць, калі быў адзін. Цяпер сытуацыя іншая. З аднаго боку, рэзыдэнцыі я штурмам не бяру, зь іншага — выказваю сваю грамадзкую пазыцыю. Думаю, так будзе працягвацца далей», — заявіў Дашкевіч у адказ на пытаньне, як зьменіцца ягоная грамадзкая актыўнасьць пасьля нараджэньня дачкі.

«Першыя сем месяцаў я хацеў хлопца. А пасьля УГД паказала, што будзе дзяўчыначка. У любым выпадку я вельмі рады. Дзяўчынка для бацькі заўсёды шчасьце і радасьць, бо з хлопцам можна больш строга. А зь дзяўчыначкай — іншая сытуацыя», — прызнаецца Зьміцер Дашкевіч.

Зьміцер Дашкевіч — сустаршыня незарэгістраванага ў Беларусі «Маладога фронту», колішні палітвязень, адбываў пакараньне за падзеі, зьвязаныя з прэзыдэнцкімі выбарамі 2010-га.

Наста Дашкевіч (Палажанка) — паплечніца Зьмітра па «Маладым фронце». Пасьля разгону Плошчы-2010 некалькі тыдняў правяла ў турме КДБ. Стала першай беларускай, якая атрымала Міжнародную жаночую прэмію за мужнасьць. Узнагароду ўручала дзяржсакратар ЗША Гілары Клінтан.