Уладзімер Фясенка: Ва Ўкраіне зьявіцца легітымны прэзыдэнт з багатым досьведам кіраўніка

Уладзімер Фясенка

Украінскі палітоляг Уладзімер Фясенка высока ацаніў меркаваную перамогу Пятра Парашэнкі зь першага туру.
«Сапарўды, абодва экзыт-полы паказалі пераканаўчую перамогу Пятра Парашэнкі ў першым туры. З улікам звычайнай хібнасьці ў 1,5%, надзвычай высокая верагоднасьць, што Парашэнка набірае значна больш за 50%.

Для краіны гэта вельмі добры вынік, што выбары адбудуцца ў адзін тур. Бо ня будзе складаных супярэчнасьцяў у далейшай выбарчай кампаніі з улікам вайны. Новы прэзыдэнт прадэманструе адзіную палітычную волю ў арганізацыі ваенных дзеяньняў і будзе шукаць шляхі мірнага ўрэгуляваньня сытуацыі ва Ўкраіне і спыненьня агрэсіі з боку Расеі.

Цікава, што трэцяе і чацьвёртае месцы ў прэзыдэнцкай гонцы занялі новыя твары ў палітыцы.

Парашэнка — самы пасьлядоўны прыхільнік эўрапейскай інтэграцыі. Яшчэ міністрам замежных спраў ён займаўся перамовамі пра асацыяцыю Ўкраіны з Эўразьвязам. Для яго прыярытэт — менавіта Эўропа. Але гэта не супярэчыць спробам урэгуляваньня адносінаў з Расеяй. Адзінае — Парашэнка ніколі не прызнае анэксіі Крыма.

Першыя крокі, якія будзе рабіць новаабраны прэзыдэнт,— гэта спыненьне ваенных дзеяньняў, урэгуляваньне крызісу ў краіне. І першую паездку ён паабяцаў ажыцьцявіць на Данбас. Іншая справа — зразумела, што адразу навесьці парадак там будзе вельмі складана.

Такім чынам, ва Ўкраіне зьявіцца легітымны прэзыдэнт, які мае вялікі досьвед кіраўніка. Я перакананы, што ён здольны пераадолець тое бязьмежжа, якое цяпер дзеецца на ўсходзе Ўкраіны. Але мірнымі шляхамі пераадолець крызіс можна толькі з дапамогай уплывовых міжнародных структур, на высокім міжнародным узроўні. Бо за тымі, хто ваюе на Данбасе, стаіць Расея. Не прымусіўшы Расею да міру, сытуацыю пераламіць немагчыма».