Аглядвацца на тое, прызнае Расея гэтыя выбары ці не, няма сэнсу, — Чумак

Віктар Чумак

Віктар Чумак — дэпутат Вярхоўнай Рады Ўкраіны, прадстаўнік фракцыі «УДАР», старшыня парлямэнцкай камісіі па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй. Сябра выбарчага штабу кандыдата на прэзыдэнта Пятра Парашэнкі.


Карэспандэнтка: «На вашу думку, які цяпер расклад — за два дні да выбараў? У каго ёсьць шанцы?»

«У раскладах я абапіраюся на вынікі сацыялягічных дасьледаваньняў. Ведаю тыя сацыялягічныя інстытуты, якім можна давяраць, і па ўсіх крыніцах, якія вартыя даверу, зараз наперадзе Пётар Парашэнка. Прычым адрыў досыць вялікі: ад 34% супраць 10% да 47% супраць 10%».

Карэспандэнтка: «А рэальным супернікам хто можа стаць Парашэнку, на ваш погляд?»

«Тут вельмі цікавая складаецца сытуацыя ў барацьбе за другое месца. Тры чалавекі маюць прыблізна роўныя шанцы. Калі шанец у Цімашэнкі крышачку вышэйшы, то разам зь ёй ёсьць яшчэ шанцы ў Сяргея Цігіпкі і Анатоля Грыцэнкі. Абсалютны лідэр — Парашэнка, а вось другім палітыкам можа стаць не абавязкова Цімашэнка. Цігіпка падбірае галасы ўсходняга электарату, які застаўся без свайго прадстаўніка ў прэзыдэнцкай гонцы. Грыцэнка падбірае галасы людзей, якія, так бы мовіць, аўтарытарна настроеныя, прамілітарысцка (ён былы міністар абароны)».

Карэспандэнтка: «Пётар Парашэнка заклікае да таго, каб выбары адбыліся ў адзін тур. Чаму такая ўстаноўка?»

«Проста першы тур — гэта не перамога Пятра Парашэнкі, гэта перамога краіны. Першы тур — гэта поўная легітымізацыя ўсёй улады ва Ўкраіне ў самы бліжэйшы час. Таму што цяпер мы жывём ва ўмовах вайны. Калі ня будзе перамогі ў першым туры, то, зыходзячы з той сытуацыі, якая цяпер склалася на ўсходзе, яна будзе раскачвацца яшчэ цягам месяца. І гэты час дасьць магчымасьць праціўнікам Украіны дэстабілізаваць абстаноўку яшчэ больш».

Карэспандэнтка: «А чым адметная праграма Парашэнкі?»

«Праграма Пятра Парашэнкі называецца „Жыць па-новаму“. Жыць па-новаму — гэта жыць абсалютна зь іншай філязофіяй, жыць зь філязофіяй эўрапейскай дзяржавы. Пачынаць трэба зь сябе, але не забывацца на тое, што трэба адказваць за ўсю краіну. Жыць па-новаму — гэта азначае жыць без карупцыі. То бок калі Ўкраіна хоча стаць эўрапейскай краінай, яна павінна жыць па-новаму. Вось і ўсё».

Карэспандэнтка: «Супернікі Парашэнкі на выбарах, у прыватнасьці, прадстаўнікі штабу Юліі Цімашэнкі, апасаюцца, што калі Парашэнка прыйдзе да ўлады, ён павернецца тварам да Масквы, бо ў яго ў Расеі ёсьць бізнэс...»

«Я ня буду казаць, якія бізнэсы былі ў Юліі Ўладзімераўны з расейскім бокам, гэта некарэктна. Але Ўкраіна — эўрапейская краіна, якая павінна будаваць адносіны з усімі сваімі суседзямі. Расея на сёньняшні дзень не зьяўляецца нашым добрым сябрам і братам. Дакладней, не Расея не зьяўляецца, а менавіта расейскае кіраўніцтва сёньняшняе. Але яно ня вечнае. А нармальны палітык глядзіць ня толькі на сёньняшні дзень, ён глядзіць у будучыню».

Карэспандэнтка: «То бок у далейшым вы не выключаеце супрацоўніцтва з Расеяй?»

«А навошта яго выключаць? Расея — вялікая краіна з багатымі рэсурсамі. Зьменіцца кіраўніцтва — і ўсё будзе па-іншаму. Зразумейце, нічога вечнага ў гэтым сьвеце няма. У палітыцы — тым больш».

Карэспандэнтка: «А прыхільнасьць да Эўразьвязу, да НАТО — яна застанецца?»

«Пётар Парашэнка — самы праэўрапейскі палітык ва Ўкраіне. Ён быў міністрам замежных спраў і праводзіў праэўрапейскую палітыку. Пра ягоную праэўрапейскую пазыцыю ведае ўся Эўропа».

Карэспандэнтка: «Вы асьцерагаецеся, што выбары ня будуць прызнаныя Расеяй, краінамі Эўразьвязу?»

«Баяцца нам няма чаго, бо выбары будуць прызнаныя ўсім сьветам, усімі дэмакратычнымі краінамі. Праблема ў тым, што Расея цяпер ня хоча прызнаваць. Мы бачым, якую палітыку адносна Ўкраіны цяпер праводзіць Расея. Гэтая палітыка накіраваная на раскол краіны. Гэта палітыка, у выніку якой Расея акупавала частку тэрыторыяў Украіны. Аглядвацца на тое, прызнае Расея гэтыя выбары ці не, няма ніякага сэнсу. Калі прызнае ўвесь астатні сьвет, то Расея неяк потым пагодзіцца».