Журналіста Яўгена Скрабца арыштавалі

Яўген Скрабец

Незалежнага журналіста Яўгена Скрабца Ленінскі райсуд у Берасьці пакараў арыштам на 10 сутак.
Раніцай 19 траўня судзьдзя вырашыў перанесьці працэс на 21 траўня і вызваліў Яўгена Скрабца, які заявіў хадайніцтва, каб да справы дапусьцілі адваката.

Аднак супрацоўнікі міліцыі, якія прывезьлі журналіста ў суд, заявілі, што зноў яго затрымліваюць і адвязуць у пастарунак.

Потым Яўгена Скрабца прывезьлі ў суд зноў, і гэтым разам пакаралі адміністрацыйным арыштам на 10 сутак нібыта за дробнае хуліганства.

Скрабца затрымалі 17 траўня супрацоўнікі АМАП, калі ён вяртаўся дадому з кірмашу хэндмэйду ў гандлёвым цэнтры Didas Persia. Яўген пасьпеў даслаць сябрам смс з пастарунку. У ізалятары часовага ўтрыманьня журналіст знаходзіўся да раніцы 19 траўня.

Раней Яўген Скрабец атрымаў пракурорскае папярэджаньне пра недапушчальнасьць працы на замежныя СМІ без акрэдытацыі.