Алега Кераля пасадзілі на 25 сутак

Алег Кероль

Судзьдзя Першамайскага суду сталіцы Юры Гарбатоўскі асудзіў актывіста «Альтэрнатывы» Алега Кераля, якога затрымалі 13 траўня за расклейку плякатаў салідарнасьці з арыштантамі Акрэсьціна, на 25 сутак.

15 сутак Алег Кероль атрымаў за «непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі» і 10 сутак — «за хуліганства».

Судовае паседжаньне пачалося 14 траўня. У судзе супраць актывіста сьведчылі амапаўцы Жарскі і Бык, якія ўказвалі зусім іншы час і месца затрыманьня актывіста.

Алег Кероль хадайнічаў, каб суд праглядзеў запісы відэакамэр на месцы ягонага затрыманьня, а таксама на будынку Першамайскага РУУС. Судзьдзя Гарбатоўскі ў сераду ўвечары накіраваў справу на дасьледаваньне, а ў чацьвер раніцаў ужо абвясьціў рашэньне — 25 сутак.

Алега Кераля затрымалі 13 траўня ўвечары каля Нацыянальнай бібліятэкі. Ён расклейваў налепкі з тэкстам салідарнасьці з затрыманымі напярэдадні чэмпіянату сьвету па хакеі актывістамі.