У Адэсе Дня перамогі ня будзе

У Адэсе ня будуць праводзіцца масавыя мерапрыемствы, прымеркаваныя да сьвяткаваньня Дня перамогі.
Пра гэта сёньня паведаміў выканаўца абавязкаў мэра гораду Алег Брындак. Паводле мэра, пройдуць толькі так званыя «прывалы» і канцэрты песень ваенных гадоў. Паводле ацэнкі выканаўцы абавязкаў мэра, вялікі агульнагарадзкі канцэрт адмянілі, каб пазьбегнуць правакацый. 2 траўня ў Адэсе ў выніку сутыкненьняў паміж праўкраінскімі і прарасейскімі актывістамі загінулі 46 чалавек. У рамках расьсьледаваньня беспарадкаў былі затрыманыя каля 130 чалавек.

Прэм'ер -міністар Украіны Арсень Яцанюк, які прыбыў у нядзелю ў Адэсу, даручыў Генэральнай пракуратуры расьсьледаваць факты гібелі людзей у выніку беспарадкаў. У часе сустрэчы з прадстаўнікамі грамадзкасьці Адэскай вобласьці ён заявіў, што гэта была справакаваная, добра падрыхтаваная акцыя.

Раней у нядзелю Яцанюк заявіў у інтэрвію ВВС, што Адэскія сілы бясьпекі нічога не зрабілі для прадухіленьня гібелі дзясяткаў людзей. Паводле яго, віна за трагедыю ляжыць на сілах бясьпекі.