«Глінянага Вялеса» атрымае Эдуард Акулін

Эдуард Акулін

3 траўня ў Менску ўручаць літаратурную прэмію «Гліняны Вялес».
Сёлетнім ляўрэатам стаў Эдуард Акулін за кнігу паэзіі «Сьвятая ноч».

У шорт-ліст прэміі таксама ўваходзілі:

• Уладзіслаў Ахроменка, «Музы і сьвіньні»

• Аляксандар І. Бацкель, «Мімікрыя»

• Вінцэсь Мудроў, «Багун»

• Віктар Сазонаў, «Паэзія прозы»

«Будзе выступ ляўрэата, бо ёсьць такая традыцыя. Выступіць аўтар прадмовы да кнігі „Сьвятая ноч“ Анатоль Вярцінскі. Музычнае віншаваньне зробіць гурт „Верасень“. Эдуард Акулін — галоўны рэдактар часопіса „Верасень“. І вось гурт павіншуе галоўнага рэдактара аднайменнага часопіса», — заявіў Радыё Свабода старшыня аргкамітэту прэміі Алесь Аркуш

Уручэньне прэміі адбудзецца ў кнігарні «Галіяфы».

Адрас: Менск, Валгаградзкая вуліца, 6, станцыя мэтро «Маскоўская».

Пачатак — а 17-й гадзіне.
«Гліняны Вялес» — штогадовая літаратурная прэмія, заснаваная ў 1993 годзе сябрамі Таварыства вольных літаратараў. Прэмія даецца за лепшую мастацкую беларускамоўную кнігу году. Ляўрэат атрымлівае сымбалічную ўзнагароду — гліняны стод апекуна мастацтва.

У розныя гады «Глінянага Вялеса» атрымлівалі супрацоўнікі і аўтары Радыё Свабода:

• Уладзімер Арлоў — за зборнік эсэ «Божая кароўка зь Пятай авэню» (1998)

• Сяргей Астравец — за зборнік прозы «Цэнзарскія нажніцы» (2000)

• Альгерд Бахарэвіч — за «Практычны дапаможнік па руйнаваньні гарадоў» (2002)

• Сяргей Дубавец — за кнігу «Вострая Брама» (2005)

• Аляксандар Лукашук — за кнігу «Сьлед матылька. Освальд у Менску» (2011)