У Беларусі пройдзе сьвята каўбойскай культуры

  • БелаПАН
У аграсядзібе «Залатая шпора» (Валожынскі раён, Менская вобласьць) 1 мая адбудзецца восьмае сьвята каўбойскай культуры «Радэа «Залатая шпора — 2014».

Як паведамляюць арганізатары, у межах мерапрыемства пройдуць традыцыйныя спаборніцтвы каўбояў па барэл-рэйсінгу (скачкі вакол бочак), выбар каралевы радэа, пастановачныя шоў з пагонямі, коннымі трукамі і стральбой, а таксама гульні і конкурсы.

«Сёлета ў радэа будзе адразу дзьве „фішкі“: па-першае, пройдзе яно ў стылі XIX стагодзьдзя (мінулае радэо пазыцыянавалася як сучаснае), а па-другое, сьвята будзе насіць безалькагольны і „сямейна-пікніковы“ характар», — сказаў кіраўнік конна-гістарычнага клюбу «Залатая шпора» і арганізатар сьвята Павел Калінкаў.

Каралевай радэа зможа стаць любая госьця сьвята, якой неабходна будзе прайсьці некалькі выпрабаваньняў. Пераможца атрымае ва ўзнагароду прафэсійную фотасэсію з канямі аграсядзібы «Залатая шпора».

Для дзяцей на сьвяце будзе працаваць індзейскі летнік з аніматарамі і выхавальнікамі.

Сьвята завершыць канцэрт з удзелам гуртоў «Дахадзягі-бэнд», Artesliberalis, «Келiх кола» і капэла Алеся Лася, а таксама вечарынка ў стылі Дзікага Захаду.