Напярэдадні «Чарнобыльскага шляху» затрыманыя актывісты «Альтэрнатывы»

Суд Цэнтральнага раёну Менску арыштаваў на 5 сутак актывістаў «Альтэрнатывы» Аляксандра Сьцепаненку і Ўладзімера Сяргеева.
Сяргеева і Сьцепаненку затрымалі 23 красавіка. Пазьней іх зьвінавацілі ў дробным хуліганстве.

«Даведаліся пра гэта выпадкова, калі спрабавалі уведаць лёс затрыманага Ільлі Дабратвора. Патэлефанавалі ў турму на Акрэсьціна. Высьветлілі, што там яшчэ знаходзяцца людзі, — кажа кіраўнік „Альтэрнатывы“ Алег Корбан.— Мы пачулі прозьвішчы нашых актывістаў і супаставілі з тым, што працяглы час не можам зьвязацца зь імі».

Корбан зьвязвае затрыманьні Сяргеева і Сьцепаненкі з маючым адбыцца 26 красавіка «Чарнобыльскім шляхам»:

«Улада баіцца і занепакоеная ініцыятыўнасьцю і актыўнасьцю дзеячоў грамадзянскай супольнасьці. Думаю, ўлада хоча запалохаць удзельнікаў акцыяў».

Другой магчымай прычынай атрыманьня Корбан называе тое, што «Альтэрнатыва» распачала кампанію «За незалежную Беларусь»:

«У гэтыя дні мы плянавалі ладзіць акцыі па папулярызацыі беларускай сымболікі».

Аляксандар Сьцепаненка — 25-гадовы сябра АГП, інфармацыйны сакратар «Альтэрнатывы».

Уладзімер Сяргееў — каардынатар «Альтэрнатывы» па Менску, былы палітвязень, які быў фігурантам «Справы 14-ці» ў 2008 годзе.


23 красавіка у Менску на 10 сутак арыштавалі грамадзкага актывіста Ільлю Дабратвора.

22 красавіка суд пакараў 12 суткамі арышту грамадкага актывіста Максіма Вінярскага.