Паланёнага журналіста сэпаратысты аб’явілі інфарматарам «Правага сэктару»

Сайман Астроўскі

Амэрыканскі журналіст Сайман Астроўскі схоплены сэпаратыстамі Данбасу і знаходзіцца пад арыштам.
Пра гэта паведамляюць украінскія мэдыі са спасылкай на самаабвешчанага «народнага мэра» Славянску Вячаслава Панамарова.

Паводле Панамарова, Астроўскі мае падвойнае амэрыканска-ізраільскае грамадзянства і зьяўляецца інфарматарам «Правага сэктару». Журналіст утрымліваецца ў нармальных умовах, забясьпечваецца харчаваньнем, сказаў Інтэрфаксу Панамароў.

«Сайман быў у Менску, мы аднойчы тыдзень працавалі разам. У яго дзядуля з Гомеля, у Амэрыку яны выехалі з Масквы на пачатку 90-х», — напісала ў Фэйсбуку журналістка Тацяна Каліноўская.

Журналіст Vice News Сайман Астроўскі асьвятляў крызіс ва Ўкраіне цягам некалькіх тыдняў і ў тым ліку паведамляў пра тое, як групы ўзброеных людзей у масках захоплівалі адміністрацыйныя будынкі ў гарадах на ўсходзе Ўкраіны.