Васіль Парфянкоў правядзе Вялікдзень у карцэры?

Васіль Парфянкоў

Сябры Васіля Парфянкова не выключаюць, што таго зноў зьмясьцілі ў карцэр і могуць ня выпусьціць адтуль і на Вялікдзень.
Актывістка Вольга Мікалайчык, якая лістуецца з палітвязьнем, заўважае, што ад яго ўжо больш за два тыдні няма лістоў, хаця звычайна Парфянкоў рэгулярна дасылае лісты сябрам.

«Мяркую, ён ў ШЫЗА, бо няма ад яго нічога ўжо больш за два тыдні. Адправілі яму газэт, часопісаў. Сёньня адправіла паштоўку з Вялікднём. Ён звычайна як выходзіць з карцэру, дык адпісваецца. Прычым стараецца напісаць гэтак, каб адразу адправілі ліст з турмы на волю, то бок да суботы і нядзелі, калі ў іх на пошце таксама выходны».

У лютым Васіль Парфянкоў быў накіраваны для адбыцьця пакараньня ў калёнію № 9 у Горках. Гэтая калёнія лічыцца адной з самых жорсткіх у Беларусі. Ужо ў першым лісьце з калёніі Парфянкоў напісаў пра ціск на сябе і тое, што выйшаў з карцэру. У наступным лісьце вязень напісаў, што зь ім нібыта ўсё нармальна, але потым сувязь зноў перарвалася.

Удзельнік Плошчы і былы палітвязень Васіль Парфянкоў летась быў зноў асуджаны на 1 год калёніі за парушэньні правілаў адбыцьця прэвэнтыўнага нагляду. Васіль Парфянкоў адбывае пакараньне ва ўмовах строгага рэжыму, як злосны крымінальнік. Ён лічыць, што яго працягваюць перасьледваць паводле палітычных прычын.