Працаўнікі Слуцкага мясакамбінату абвяргаюць Лукашэнку: Гнілога мяса ў нас не было

На Слуцкім мясакамбінаце, дзе арыштавалі гендырэктара і ягонага намесьніка, абвяргаюць словы Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што на камбінаце нібыта захоўвалі гнілое мяса.
Сьледчы камітэт Беларусі пацьвердзіў затрыманьне гендырэктара Слуцкага мясакамбіната і ягонага намесьніка, але прозьвішчы затрыманых не паведамляе. Кіраўнікоў падазраюць у перавышэньні службовых паўнамоцтваў, нядбайнасьці і злоўжываньні ўладай. Афіцыйнае абвінавачаньне ім яшчэ ня выстаўленае, казалі ў Сьледчым камітэце апоўдні 15 красавіка.

На Слуцкім мясакамбінаце паведамілі, што да візыту Аляксандра Лукашэнкі, які адбыўся 11 красавіка, на прадпрыемстве працавалі кантралёры з Дзяржкантролю. Паводле загадчыка аддзелу КДК Дзяніса Галаварова, страты камбіната за мінулы год і два першыя месяцы гэтага году склалі 157 мільярдаў рублёў, альбо 15 мільёнаў даляраў. Што прывяло да такіх стратаў?

«Масавае парушэньне фінансава-гаспадарчай дзейнасьці. Напрыклад, прадукцыя рэалізоўвалася па заніжаных коштах. За 5 месяцаў мінулага году мясакамбінатам недаатрымана амаль 300 тысяч даляраў за пастаўкі расейскім пакупнікам быкоў пад выглядам кароваў», — лічыць кантралёр Галавароў.

Аляксандар Лукашэнка, калі наведваў Слуцкі мясакамбінат, абурыўся ўмовамі, у якіх захоўвалі мяса. «Тут жа дыхаць няма чым! І гэтым вы будзеце карміць людзей. Павесілі ў гнільлё, каб і мяса гніло. Дык вы аддайце бясплатна людзям», — казаў на Слуцкім мясакамбінаце Аляксандар Лукашэнка. Ці пагаджаюцца з Лукашэнкам на мясакамбінаце?

Зь сёньняшняга дня абавязкі дырэктара мясакамбіната выконвае галоўны інжынэр Аляксандар Кабыш. Паводле яго, гнілога мяса на камбінаце не было:

«Мяса ў нас нармальнае, гнілога мяса ў нас няма. Ёсьць старое мяса, якое ляжыць больш за год у лядоўні, але гнілога мяса ў нас няма».

На просьбу пракамэнтаваць прэтэнзіі КДК, што нібыта Слуцкі мясакамбінат прадаваў прадукцыю таньней за сабекошт, Аляксандар Кабыш адказаў, што пакуль «не валодае камэрцыйнымі пытаньнямі». Ня ўзяўся спадар Кабаш патлумачыць і тое, што нібыта летась камбінат пастаўляў у Расею быкоў пад выглядам кароў і на гэтым страціў 300 тысяч даляраў.

Што людзі кажуць пра былога кіраўніка камбінату? Да ўчорашняга дня гендырэктарам Слуцкага мясакамбіната працаваў Віктар Тамашэўскі, які прыйшоў на гэтую пасаду ў 2009 годзе з агракамбінату «Сноў». Супрацоўніца Слуцкага мясакамбінату, зь якой удалося пагаварыць пра дырэктара, назвала яго «добрым гаспадарнікам» і згадала, што за ім шмат будавалі. «Будаваўся сьвінагадоўчы комплекс, малочна-таварная фэрма. А яшчэ біягазавую ўстаноўку будавалі. Гэта такая ўстаноўка, дзе спальваюць адкіды ад вытворчасьці, каб атрымаць энэргію. А мяса ў нас нармальнае. Вось пакладзіце кавалак мяса ў пакунак, а потым у лядоўню і паглядзіце на яго празь некалькі месяцаў. Вось такое было мяса», — сказала супрацоўніца.

Незалежны эканаміст Міхал Залескі гэтак пракамэнтаваў гісторыю з затрыманьнем кіраўнікоў Слуцкага мясакамбінату і абвінавачваньнямі іх у злоўжываньнях:

Міхал Залескі

«Уся гэтая валтузьня вакол дырэктараў заводаў, якія спачатку нешта мадэрнізуюць, а потым іх кудысьці саджаюць, ня мае ніякага эканамічнага сэнсу. Гэта папулісцкія дзеяньні, іх мэта — адцягнуць увагу ад рэальных праблемаў у краіне. Гэтыя дырэктары прызначаліся лукашэнкаўскай уладай, прайшлі ўсе неабходныя формы кантролю, і калі ўжо іх саджаць, дык разам зь імі трэба саджаць і тых, хто іх кантраляваў, рэкамэндаваў і гэтак далей. А яшчэ відавочна, што трэба, каб у краіне зьявіўся ўласьнік, трэба, каб з Расеяй была сапраўдная мяжа, і тады ня будзе падобных спраў».

Тым часам некаторыя гучныя карупцыйныя справы апошніх месяцаў ужо дайшлі да суду. Гэтак у Маскоўскім судзе Менску 14 красавіка паводле абвінавачаньня ў атрыманьні хабару пачалі судзіць былога намесьніка старшыні «Белнафтахіму» Ўладзімера Волкава. У першы дзень працэсу асноўны сьведка, які нібыта перадаваў хабар Волкаву, зьмяніў паказаньні. Прадстаўнік камэрцыйнай фірмы «Тэра», якая супрацоўнічала зь «Белнафтахімам», амаль удвая зьменшыў суму грошай, перададзеных Уладзімеру Волкаву і назваў гэта ня хабарам, а «знакам падзякі за працяг дзелавых сувязяў». Калі суд пагодзіцца са сьведкам, Уладзімер Волкаў можа разьлічваць на меншы тэрмін пакараньня. Але пакуль ён не прызнае сябе вінаватым цалкам.