Аксёнаву не хапае ўкраінскай вады

Сяргей Аксёнаў

Сяргей Аксёнаў, прызначаны прэзыдэнтам Расеі Ўладзімерам Пуціным выканаўцам губэрнатара Крыму, паскардзіўся ў Маскву, што на паўвыспу паступае недастатковая колькасьць прэснай вады, неабходнай для патрэбаў рэгіёну.
Паводле яго словаў, праз Паўночнакрымскі канал пастаўкі скарочаныя ў разы: пры норме ў 70 кубамэтраў за сэкунду крымчукам паступае ўсяго 5,5. І гэта пры тым, наракае галоўны сэпаратыст Аксёнаў, што цяпер самы час паліву сельскагаспадарчых культур.

У гэтым зьвязку прэм’ер-міністар Украіны Арсеній Яцанюк яшчэ раней даў зразумець: Украіна не разглядае магчымасьць поўнага спыненьня пастаўкі прэснай вады і электраэнэргіі ў Крым, аднак Расея павінна за ўсё заплаціць. Пакуль жа грошы з Масквы ў Кіеў не паступаюць.