«У інфармацыі пра адмену цягнікоў паміж Украінай і Расеяй больш хлусьні»

Пра тое, што чыгуначныя перавозкі паміж Украінай і Расеяй могуць быць прыпыненыя, заявіў тэлеканалу «Расея 24» прэзыдэнт расейскай чыгункі Ўладзімер Якунін.
Паводле яго, апэратар украінскіх чыгунак «Укрзалізниця» папрасіла «РЖД» спыніць з 27 траўня продаж квіткоў на ўсе цягнікі, якія едуць па тэрыторыі Ўкраіны, з прычыны адсутнасьці ўзгодненасьці графікаў руху цягнікоў. Таксама паведамлялася, што аналягічны ліст атрымала і «Беларуская чыгунка».

У прэсавай службе «Беларускай чыгункі» Радыё Свабода адмовіліся камэнтаваць сытуацыю, папрасіўшы пісаць афіцыйны запыт на імя першага намесьніка начальніка прадпрыемства Ўладзімера Міхайлюка. Тым часам у менскай службе даведкі «105» паведамілі, што пакуль ніякіх распараджэньняў аб абмежаваньні броні і продажу квіткоў у Крым і Кіеў не паступала.

Тым часам у прэсавай службе ўкраінскай чыгункі «Укрзалізниця» паведамілі, што ў выказваньнях Уладзімера Якуніна «больш хлусьні, чым праўды»:

«Шчыра кажучы, у словах Якуніна больш хлусьні, чым праўды. На самой справе, крымская дырэкцыя сама спыніла чыгуначнае злучэньне. Матывуючы тым, што ёсьць праблема з даглядам, яны пусьцілі цягнікі толькі да станцыі „Салёнае Возера“. А нашы, украінскія цягнікі могуць даехаць толькі да мацерыковай мяжы з Крымам. Што тычыцца цягнікоў далёкага накіраваньня, то ўсё дзейнічае. Але расейскі бок, напэўна, нешта пачынае муціць. І ўвогуле яны прымаюць рашэньні ў аднабаковым парадку, нам нічога не паведамляючы. Наконт камунікацыі зь „Беларускай чыгункай“ нічога сказаць не магу — пішыце афіцыйны зварот».

Таксама ва ўкраінскай чыгунцы паведамілі, што цяпер працуюць над выпрацоўкай афіцыйнай пазыцыі па гэтай сытуацыі.