Расея пакуль не перакрые газ Украіне

Уладзімер Пуцін

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін сказаў, што Расея «да дадатковых кансультацый» пакуль не перавядзе пастаўкі газу Ўкраіне на памесячную перадаплату.
«Улічваючы складаную сытуацыю, у якой знаходзіцца Ўкраіна, і незавершанасьць нашага перамоўнага працэсу з ЭЗ, я прасіў бы ўрад ўстрымацца пакуль ад прымяненьня магчымасьцяў, якія вынікаюць з кантракту ажно да правядзеньня дадатковых кансультацый, калі, вядома, нашы партнэры на гэтыя кансультацыі згодныя», — сказаў Пуцін на тэрміновай нарадзе з кіраўніцтвам ураду пра «газавы» канфлікт з Украінай.

Паводле Пуціна, калі Кіеў адмовіцца ад гэтых «кансультацый», то перадаплата будзе ўведзена.

Агульная запазычанасьць Украіны перад Расеяй складае 16,6 млрд даляраў, паведаміў прэм’ер-міністар Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў.

Паводле Мядзьведзева, у Расеі ёсьць усе падставы для пераходу на папярэднюю аплату паставак газу для Ўкраіны.

Ад пачатку красавіка Расея падняла цану газу для Ўкраіны з 268,5 даляра ЗША за тысячу кубамэтраў да 485 даляраў. Кіеў адмаўляецца плаціць гэтую цану, бо лічыць яе інструмэнтам палітычнага ціску.

Міністар энэргетыкі Ўкраіны Юры Продан раней заявіў, што ў выніку павышэньня цаны пад пагрозай апынуцца ня толькі пастаўкі ва Ўкраіну, якія можа спыніць Расея, але і транзыт газу ў Эўропу.