Пуціна — у Гаагу, — Лех Валэнса

Лех Валэнса

Прэзыдэнт Расеі Уладзімір Пуцін павінен паўстаць перад судом кшталту Гаагскага трыбуналу праз анэксію Крыму. Пра гэта ў інтэрвію выданьню Rzeczpospolita заявіў былы прэзыдэнт Польшчы Лех Валэнса.

«Такія людзі, як Пуцін, павінны паўстаць перад Гаагскім трыбуналам або іншым міжнародным судом. Нельга парушаць міжнародных дамоўленасьцей і пагадненьняў і ствараць небясьпеку для нацыі. Трэба нешта зрабіць, каб кожны яшчэ да пачатку сваіх дзеяньняў ведаў, што яго будуць судзіць за гэта», — адзначыў Валэнса.

На думку былога прэзыдэнта, намаганьнямі міжнароднай супольнасьці павінна быць створана Камісія салідарнасьці, якая прымусіла б Пуціна выконваць міжнародныя дамоўленасьці.

«Я чакаю, калі сьвет адкажа Пуціну па-мужчынску. Цяпер усе выкарыстоўваюць нейкія камбінацыі», — заявіў Валэнса.

На пытаньне, ці варта Ўкраіне ўступаць у НАТО, польскі палітык адказаў: «Калі НАТО аддае Ўкраіну Пуціну, то што гэта за НАТО? Давайце паглядзім, чаго НАТО варта».