НАТО засьцерагае Расею ад «гістарычнай памылкі»

Генэральны сакратар НАТО Андэрс Фог Расмусэн лічыць, што Расея зробіць «гістарычную памылку», калі пасьля анэксіі Крыму працягне ўмешвацца ў справы Ўкраіны.

Расмусэн заявіў пра гэта сёньня пасьля завяршэньня сустрэчы міністраў замежных спраў краін-членаў Паўночнаатлянтычнага альянсу, якая праходзіла ў Брусэлі на працягу двух дзён. Паводле Расмусэна, інфармацыя аб нарошчваньні расейскіх войскаў на мяжы з Украінай працягвае выклікаць «сур’ёзную заклапочанасьць».

У аўторак НАТА абвясьціла пра спыненьне ваеннага супрацоўніцтва з Расеяй з-за анэксіі Масквой Крыму. Міністры таксама дамовіліся выпрацаваць захады па ўмацаваньні бясьпекі ўдзельнікаў НАТА на ўсходзе Эўропы.

Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў у размове з дзяржсакратаром ЗША Джонам Кэры выказаў занепакоенасьць у сувязі з апошнімі рашэньнямі НАТА. Афіцыйны прадстаўнік расейскага МЗС Аляксандар Лукашэвіч адзначыў, што заявы НАТА нагадваюць «пікіроўкі эпохі халоднай вайны».