Мясьніковіч цягне ў Беларусь тэхналёгіі мінулага стагодзьдзя, — эканаміст

Прэм’ер-міністар Міхаіл Мясьніковіч падчас перамоваў з кіраўніком кампаніі General Motors па СНД Эндру Данстанам запэўніў, што рамачнае пагадненьне аб зборцы на вытворчых магутнасьцях прадпрыемства «Юнісон» мадэляў Chevrolet і Opel неўзабаве будзе рэалізаванае.
Па словах кіраўніка ўраду, гэты праект — адзін з прыярытэтных для Беларусі і знаходзіцца на асабістым кантролі ў віцэ-прэм’ера Пятра Пракаповіча.

Між тым, прадпрыемства ў Абчаку пад Менскам вядомае якраз тым, што, нягледзячы на беспрэцэдэнтныя прэфэрэнцыі, ніводная з ініцыятываў так і не была рэалізаваная. Вытворчасьць аўтамабіляў «Форд» была спыненая праз два гады пасьля пачатку, а іранскі «Саманд» так і застаўся адвёрткавай зборкай.

Дык ці варта чакаць на беларускіх дарогах «Опеляў» ды «Шэўрале» з лэйблам «зроблена ў Беларусі?» Эканаміст, кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка сумняецца, што, нават у выпадку рэалізацыі праекту, гэта варта лічыць прарывам:

Леанід Заіка

«Ну, кожная машына ў рэшце рэшт становіцца „Опелем“ — ёсьць такая нямецкая прымаўка. Што да „Шэўрале“, дык яго ўжо шмат дзе зьбіраюць паралельна з „Хёндаем“ — „Шэўрале Спарк“, „Хёндай Маціз“. Шмат разнавіднасьцяў. Уласна кажучы, тое, што зараз у нас дэкляруецца, — гэта рэжым рашэньняў краінаў трэцяга сьвету. І што зараз рапартуе Мясьніковіч — гэта абсалютна адсталы падыход.

Цяпер трэба рабіць аўтамабілі на электрычнай хадзе. Калі б, скажам, яны дамаўляліся з кампаніяй „Тэсла“ — абсалютна новыя канцэптуальна машыны — тады іх захапленьне можна было б зразумець. Калі б яны правялі перамовы аб стварэньні прадпрыемства ў вытворчасьці ЗD-прынтэраў, тады я, магчыма, і зьняў бы капялюш перад Мясьніковічам. А так я магу толькі ручкай памахаць: мужыкі, вы робіце ўсё яшчэ зь мінулага стагодзьдзя. Вось урад сыдзе, прыйдуць новыя маладыя хлопцы, стануць рабіць цудоўныя сучасныя хайтэкаўскія рэчы — тады і пагаворым. А гэта ўсё перад спускам у Зіндан узьнікаюць нейкія падскокваньні. Прымітыў поўны».

Кампаніі General Motors належаць такія брэнды, як Chevrolet, Cadillac, Baojun, Buiсk, GMC, Holden, Isuzu, Jiefang, Opel, Vauxhall і Wuling. У Расеі кампанія прадстаўленая ад 1992 году брэндамі Chevrolet, Opel і Cadillac.